Светлогорские вести № 7, июль
|
У Светлагорскім раёне раскопваюць горад XVII стагоддзя
Пачаліся чарговыя археалагічныя раскопкі на месцы горада Казімір. Гэтае паселішча існавала ў XVII стагоддзі і мела Магдэбургскае права. Казімір быў утвораны ў 1643 года ў Бабруйскім старостве Вялікага Княства Літоўскага, якое ўваходзіла ў Рэч Паспалітую. Цяпер на месцы былога горада знаходзіцца вёска Каралева Слабада-2 Краснаўскага сельсавета. Тут сёлета і працуюць на раскопках студэнты-гісторыкі Мазырскага дзяржаўнага педагагічнага універсітэта імя Івана Шамякіна – 15 практыкантаў пад кіраўніцтвам выкладчыцы Ірыны Калбасінай. Навуковы кіраўнік даследванняў – прафесар кафедры гісторыі і паліталогіі Беларускага дзяржаўнага тэхналагічнага універсітэта Сяргей Рассадзін (г. Мінск). Старадаўні дакумент аб існаванні Казіміра доктар гістарычных навук С.Рассадзін выявіў ў 2001 годзе. З 2006-га па ініцыятыве грамадскасці Светлагорска вядуцца археалагічныя даследванні. Раскопкі пачыналі дабраахвотнікі; затым у двух экспедыцыях працавалі навучэнцы-будаўнікі Светлагорскага індустрыяльнага каледжа. Казімір быў заснаваны ля ракі Бярэзіна, каб спрыяць развіццю краю паміж Бабруйскам і Рэчыцай. Але ў 1654 годзе Маскоўская дзяржава пачала вайну з Рэччу Паспалітай. У 1655-м маскоўскі цар Аляксей Раманаў загадаў, каб войскі, "ідучы дарогаю, сёлы і вёскі і хлеб і сена і ўсе людскія і конскія кармы… па абодвух баках палілі і людзей забівалі... і знішчалі зусім і поўнасцю, і па баках таксама паліць і разбураць пасылалі" (Энцыклапедыя гісторыі Беларусі ў 6-ці тамах, т. 2, Мн., с. 197). У тым жа годзе Казімір быў разбураны войскам Івана Залатарэнкі, якое знаходзілася на службе ў цара. І толькі ў 1961-м на той жа прасторы, паміж Бабруйскам і Рэчыцай, зноў быў утвораны горад – Светлагорск (былы пасёлак Шацілкі). Зараз даследванні фінансуюць Нацыянальная Акадэмія навук Беларусі і Міністэрства культуры. Светлагорскі райвыканкам арганізаваў размяшчэнне экспедыцыі ў школе вёскі Краснаўка і харчаванне ў гарадскім пасёлку Парычы, а таксама выдзеліў аўтобус для перавозак удзельнікаў раскопак. Тэльман Маслюкоў 18.07.2008 |