Магілёўскі далягляд № 15, лістапад
|
Адмовяць у пікетах – зацягаем па судах!
У Магілёве жыхарамі горада пададзена каля 40 заявак на правядзеньне пікетаў супраць адмены льготаў. Заяўкі не ад імя пэўных палітычных сілаў, а ад звычайных грамадзянаў. Віктар Каракоўскі, сябра БСДП(Г): – Я падаў заяўку, каб прыцягнуць увагу простых грамадзянаў да праблемы адмены льготаў. У якасьці месца правядзеньня пікетаў абраў плошчу Арджанікідзе. На 14-16 сьнежня. Як звычайны грамадзянін. Другі сябра БСДП (Г) Уладзімір Юрчанка падаў заяўку на правядзеньне пікета перад будынкам гарвыканкаму. – Хачу прыцягнуць увагу прадстаўнікоў улады да бедаў нараду. Я выказваюся за тое, каб ильготы пэнсіянэрам, студэнтам, аўганцам, шкалярам былі пакінутыя. Са словаў Аляксандра Каралёва, юрыст-консульта незалежнага прафсаюзу радыёэлектронная прамысловасьці, усяго 13 заяўнікаў з РЭПу абралі восем месцаў у цэнтры гораду. У выпадку адмоваў улады грамадзяне будуць зьвяртацца ў раённыя суды Магілёву з мэтай абскардзіць рашэньне прадстаўнікоў выканаўчай улады. Не так даўно ў Менску Менскі гарвыканкам адмяніў рашэньне аб тым, што пікеты могуць праходзіць толькі на плошчы Бангалёр. – Мы спадзяемся на тое, – падкрэсьлівае Аляксандар Каралёў, – што рашэньне гарадзкіх уладаў адносна стандартнага месца правядзеньня пікетаў і мітынгаў у Магілёве каля палацу культуры заводу штучнага валакна будзе перагледжана. Вітольд Няўрыда 30.11.2007
"Магілёўліфтмаш": палююць на праўдалюбцаў
Кіраўнік вядомага ў горадзе унітарнага прадпрыемства Пётр Руднік даў загад знайсці і звольніць чалавека, які распаўсюджвае на заводзе "падпольны" бюлетэнь "Голас Ліфтмаша". Яго першы нумар выйшаў у кастрычніку накладам 299 асобнікаў. У бюлетэні распавядаецца пра завадское самаўпраўства і бязмежжа асобных начальнікаў. – Завод гудзеў, – распавядае Сцяпанавіч. – Кіраўніцтва дагэтуль шукае чалавека, які распаўсюджвае бюлетэнь. Прыглядаюцца да ўсіх, хто чым-небудзь вылучаецца з масы. Пад пільным наглядам знаходзіцца нехта Андрэй у адным з цэхаў завода. Ён адрозніваецца ад астаніх сваімі рэлігійнымі поглядамі. Ківаюць на яго, але, канечне, памыляюцца. – Бюлетэнь ідзе нарасхоп, – падхоплівае Нічыпаравіч, – усе яго чытаюць, згаджаюцца з напісаным і перадаюць адзін аднаму. Некаторыя, маючы выхад да капіравальнага абсталявання, сваімі сіламі памнажаюць яго. – Але самае цікавае, – падкрэслівае Сцяпанавіч, – дык гэта тое, што дырэктар даў загад не выправіць тэрмінова хібы, пра якія напісана ў бюлетэні, а – расправіцца з тымі, хто іх выкрывае. Нагадаем, што ініцыятарам выдання з’явіліся рабочыя завода, якія пры падтрымцы творчай групы "НАШ Магілёў" зрабілі бюлетэнь, які скарыстаўся вялізарным попытам. Зараз рыхтуецца другі нумар выдання, і ў кіраўніцтва завода ёсць сур’ёзныя прычыны гэтага асцерагацца. Пан Тадэвуш 21.11.2007
Ля Прапойску вада не замярзае
Да незвычайнай старажытнай крыніцы возяць лячыць нават алькаголікаў. Дапамагае! Прапойск – ранейшая назва цяперашняга беларускага райцэнтру Слаўгарад, што ў 70 кілямэтрах ад Магілёву. У пісьмовых крыніцах упершыню ўпамінаецца ў ХII стагодзьдзі. І на сёньня гарадок, дзе жыве блізу васьмі тысяч насельніцтва, мае 760 гадоў гісторыі. Напачатку ХІХ стагодзьдзя ў Прапойску існаваў інстытут шляхетных дзяўчат. Тут таксама працавалі школа, бальніца, праваслаўная багадзельня, габрэйская сынагога. І менавіта з таго часу існуюць сьведчаньні пра цудадзейныя ўласьцівасьці крынічкі ля маёнтку Благадаць, гаспадаром якога была дваранка Мурамцава. Цяпер крыніца – невялікае возера, абапал якога дрэвы: ліпы, дубы, вольха, вярба. Вада ў возеры цёмна-сіняга колеру. На выгляд – густая, як кісель, і нібыта кіпіць. Тэмпэратура "жывой" вады ў крыніцы нават ў злыя маразы на вуліцы +8 градусаў. Эколяг Іван Сянчук тлумачыць, што пухіры ўяўнага кіпеню ўтвараюць струмені з крыніцаў – Іх тут больш як адна сотня, – удакладняе Іван Сянчук, – яны выбіваюцца з глыбіні 100-200 мэтраў, праз таўшчыню прыроднага мелу. Ад эколяга атрымліваю пацьверджаньне, што васільковы колер вады вызначае падвышаная канцэнтрацыя фтору, крэмнію, тытану, медзі, срэбра, стронцыю. Менавіта гэтыя ды іншыя элемэнты спрыяюць цудадзейным уласьцівасьцям падземнай вады. Кожны год 3 жніўня (сьвята Макавей) да крыніцы не падступіцца. Мясцовыя і прыежджыя людзі (таксама з Расеі і Ўкраіны) кідаюцца ў ваду, як за выратаваньнем. Калі паплюхаюцца ды абальюцца, набіраюць у тару жыватворную вільгаць. – Гаспадыні крынічнай вадой агуркі заліваюць, – удакладняе мясцовы жыхар Іван Корпач, – ім пасьля ніякай стэрылізацыі ня трэба. Атрымліваюцца надзвычай хрусткія і смачныя. Доказам сёньняшняга часу пра лекавыя ўласьцівасьці крыніцы ля былога Прапойску зьяўляюцца масавыя наезды сюды людзей, якія абмежаваныя ў магчымасьцях руху, маюць радыкуліт, пашкоджаньні сьпіны. Яшчэ адна прыкмета – спадзяваньні на жывую ваду ў адвучваньні арганізма ад алькаголю. Я гутарыла зь Вячаславам Горбікам, старшынёй прафкаму сельгаскаапэратыву "Бярозаўка", што на Магілёўшчыне. Ён суправаджаў да крыніцы ў Благадаці двух вясковых працаўнікоў. – Пасьля жніва загулялі мэханізатары, – гаворыць Вячаслаў Горбік, – прапілі ўшчэнт прэмію. Дык адзін зь іх прыгадаў пра лекавую ваду. Раней яна дапамагла гэтаму чалавеку ачомацца ад запою. Глядзіш, і цяпер дапаможа… Смачна піць, мужыкі! Галіна Баравая 17.11.2007
У Магілёве спэцназ "скруціў" 75-гадовую жанчыну
Натальля Панцялеева забылася дома ільготны білет на праезд і таму адмовілася плаціць штраф – 6 200 рублёў. Бравыя міліцыянты бабульку не захацелі слухаць. Карціна звыклая: кантралёр просіць жанчынуе прад’явіць цэтлік і пэнсійнае пасьведчаньне. Пасля доўгіх пошукаў апошняга жанчына зразумела, што пакінула яго дома. Кантралёр: "З вас штраф, 6 200 рублёў". Паводле прадстаўніцы аўтапарку спадарыні Давыдзенкі яна вымушаная была выклікаць міліцыю, бо 75-гадовая (!) "штрафніца" пачала сябе "некарэктна" паводзіць... На плошчы Арджанікідзе старую высадзілі з аўтобуса супрацоўнікі спэцыяльнага падраздзяленьня, на яе нават быў складзены пратакол аб правапарушэньні. – Мне да болі ў сэрцы крыўдна, – гаворыць пэнсыянэрка, – што вакол усе кажуць аб даверы, а тут мяне здымаюць з аўтобуса са спэцназам. Я вэтэран працы й дзіця вайны, лічу, не заслугоўваю такіх адносінаў да сябе. Раней думала, што ў нашай краіне вельмі паважаюць узрост, але гэта сталася ня так... Спадар Лазарэнка, дырэктар рэспубліканскага ўнітарнага даччынага Магілёўскага аўтамабільнага прадпрыемства "Аўтобусны парк №1", у дзеяньнях свайго кантралёра спадарыні Давдзенкі перавышэньня паўнамоцтваў ня бачыць, маўляў, тая дзейнічала адпаведна службовым інструкцыям. Аналягічнай пазыцыі прытрымліваюцца і людзі ў форме, якіх мы ўтрымліваем сваімі падаткамі дзеля таго, каб яны змагаліся са злачынцамі. Аднак сёньня чамусьці ня бачна тэндэнцыі да зьніжэньня ні колькасьці маладых "прынцыповых" безбілетнікаў, ні "крутых" бандзюганаў. Дык што – за тое і адыграліся напоўніцу на чалавеку шаноўнага ўзросту? Што ні кажыце, аднак закон законам, а людзкасьць мусіць заставацца людзкасьцю. Зь яе, а ня "судзьдзяў" пачынаецца будаўніцтва грамадзтва, дастойнага новага стагодзьдзя. Вітольд Няўрыда 12.11.2007
120 год з дня нараджэння Цішкі Гартнага
У Пячэрскім лесапарку Магілёва, каля памятнага крыжа беларускаму пісьменніку, адбыўся мітынг-рэквіем. Выступіў старшыня арганізацыі Таварыства беларускай мовы Алег Дзьячкоў, які распавёў пра трагічны жыццёвы лёс слыннага дзяржаўнага беларускага дзеяча і пісьменніка. Як адзначыў Зьміцер Салаўёў, сябра Сойму БНФ, Цішка Гартны – гэта гістарычная асоба, можна сказаць, першы кіраўнік прызнанай Беларусі, які зрабіў вялікі ўнёсак у станаўленні тагачаснай Беларусі, папярэдніцы сучаснай незалежнай краіны. Цішка Гартны нарадзіўся ў мястэчку Капыль Слуцкага павета Менскай губерніі ў 1887 годзе. Удзельнічаў у рэвалюцыі 1905-07. Працаваў рамесьнікам-гарбаром у Капылі, Літве, Украіне, на заводзе ў Пецярбургу. Упершыню пачаў друкавацца ў 1908 на старонках газеты "Наша ніва". Першая яго кніга "Piesni" выйшла ў 1913. Выключаны з ВКП(б) 16.1.1931 з фармулёўкай "за сувязь з нацдэмаўскімі і фашысцкімі элемэнтамі". Арыштаваны 15.11.1936. 7.4.1937 пераведзены ў Магілёўскую псыхіятрычную лякарню, дзе і памёр (паводле афіцыйнай вэрсіі ад гангрэны лёгкіх; паводле іншых зьвестак – скончыў жыцьцё самагубствам). Пахаваны на ўскраіне Пячэрскага парку ў Магілёве. Яго імем названыя вуліцы ў Менску, Капылі. У сваю чаргу сябры Магілёўскай арганізацыі Беларускай Сацыял-дэмакратычнай партыі (Грамада) замовілі літургію памяці Цішкі Гартнага, якая адбудзецца ў сераду, 7 лістапада, у грэка-каталіцкай Царкве іконы Маці Божай Бялыніцкай. Вітольд Няўрыда 05.11.2007
ЧК не забывае Галіну Лісіцыну
У Магілёве невядомы параіў кіраўніку Магілёўскай філіі незалежнага прафсаюза РЭП Галіне Лісіцынай не ехаць у Мінск на Сацыяльны марш. – Пасля таго, як я выйшла з офіса, – распавядае Галіна Лісіцына. – і пачала рушыцца ў бок крамы, да мяне падыйшоў невядомы высокі брунет. Ён вырашыў спраўдзіць маё прозвішча і перапытаў, ці не Лісіцына я Галіна Міхайлаўна. Я адказала, што так. Спадарыня Лісіцына адзначае, што сам малады чалавек не прадставіўся, і праігнараваў яе патрабаванне паказаць сваё пасведчанне. Аднак ён параіў кіраўніку мясцовай арганізацыі РЭП 4 лістапада лепей не ехаць у Менск на мерапрыемства, прысвечанае абароне сацыяльных правоў грамадзян. – Тады я яму патлумачыла , – працягвае Галіна Лісіцына, – што Сацыяльны марш – мерапрыемства афіцыйнае. На яго правядзенне атрыманы дазвол і гэта непасрэдна тычыцца таго, чым я займаюся. Пасля гэтага ён зноў папярэдзіў мяне і сказаў, каб я ехала да хаты і была там да панядзелка, бо інакш могуць быць непрыемнасці. Праз імгненне ён знік таксама раптоўна як і з’явіўся. Нагадаем, што мінулы раз кіраўнічцы прафсаюза невядомы, у адной з магілёўскіх кавярняў, перадаваў прывітанне ад КДБ. Вітольд Няўрыда 03.11.2007
Дэбютаваў заводскі бюлетэнь
Да творчай групы "НАШ Магілёў" звярнулася група рабочых завода "Магілёўліфтмаш". Рабочым надакучыла знявага з боку кіраўніцтва. – Пасля размовы, – гаворыць Ян Чыгірдот, ¬– мы сабралі неабходную інфармацыю, улічылі заўвагі рабочых, узялі каментары спецыялістаў на тэму, як змагацца з бяспраўем і зрабілі першы нумар незалежнага спецыялізаванага выдання "Голас Ліфтмаша" агульным накладам 299 асобнікаў. – Я больш чым перакананы, – адзначае Савось Трамадолаў, сябра рэдкалегіі новага выдання, – што дэбютны нумар наробіць шмат шуму і прымусіць кіраўніцтва завода перагледзець сваё стаўленне да простага рабочага. На гэтым творчая група "НАШ Магілёў" не прыпыняецца. У бліжэйшы час будзе запушчаны сайт і жыхары абласнога цэнтра здолеюць атрымоўваць з яго самыя свежыя і цікавыя навіны. Вітольд Няўрыда 01.11.2007
У Магілёве затрыманы рэдактар студэнцага бюлетэню
Станіслава Кавалеўскага другі раз затрымаліваюць на аўтобусным прыпынку. Паўмесяца таму яму інкрымінавалі спраўленне фізічнай патрэбы, а зараз падазраюць у крадзяжы. Сёння раніцай Станіслаў з сябрам ехалі ва ўніверсітэт. Да прыпынку каля ПТВ №9 пад'ехаў міліцэйскі "Уазік" з якога выйшлі міліцыянеры. Яны папрасілі праехаць хлопца і яго сябра Леха Валіцкага ў Ленінскі РАЎС горада Магілёва, спасылаючыся на тое што хлопцы падазраюцца ў крадзяжы. – Пасля таго як нас даставілі ў Ленінскі РАЎС, – распавядае Лех Валіцкі: міліцыянты пачалі правяраць нашы асабістыя рэчы. У Станіслава знайшлі каля дзесяці нумароў газеты "НАШ Магілёў" і вялікі стос улётак, прысвечаных надыходзячаму Сацыяльнаму маршу. Мяне адразу адпусцілі, бо ў мяне нічога не было. Станіславу Кавалеўскаму давялося правесці ў Ленінскім РАЎСе тры гадзіны, пасля чаго ён быў таксама адпушчаны. У моладзевага актывіста забралі ўлёткі прысвечаныя Сацыяльнаму маршу да разбірацельства. Асобнікі газэты "НАШ Магілёў" былі вернуты. – Яго адпусцілі, бо за наяўнасць улётак непрадугледжана зняволенне. Хутчэй за ўсё ў бліжэйшы час адбудзецца пасяджэнне адміністратыўнай камісіі, на якой стане ўсё вядома: ці то ён атрымае штраф, ці то яму вынясуць папярэджанне, - паведаміў аўтару bulletinonline.org праваабаронца Барыс Бухель. Я папрасіў таксама міліцыянтаў выпісаць спраўку ва ўніверсітэт, што Станіслаў знаходзіўся ў Ленінскім РАЎСе пэўны час, каб гэта не стала прычынай ягона выключэння адтуль. Нагадаем, што 12 кастрычніка, напярэдадні Еўрапейскага марша Станіслаў Кавалеўскі быў затрыманы супрацоўнікамі міліцыі каля прыпынку"Лесгас" як быццам бы за спраўленне фізічнай патрэбы. 15 кастрычніка суд вынес яму вырак: трое сутак пазбаўлення волі. Моладзевы актывіст быў вызвалены на волю адразу ж з залы суда, бо ўжо адбыў свой тэрмін ў ізалятары часовага ўтрымання. Вітольд Няўрыда 02.11.2007 |