Персональные инструменты
Вы здесь: Главная Members kola Магілёў Магілёўскі дялагляд № 2, люты
Bulletin Online Menu
Главная Брестская область Витебская область Гомельская область Гродненская область Могилёвская область Минская область Минск Зарубежье Народная школка Пишите нам
 
Действия с Документом

Магілёўскі дялагляд № 2, люты

Як рэгіянальныя чэкісты вярбуюць маладых

Магіляўчанін Алесь Паплыка,сябра БСДП, ўдзельнік намётавага лагеру на Кастрычнікай плошчы ў 2006 годзе, распавядае пра свае сустрэчы з супрацоўнікам КДБ.

– Калі табой пачалі цікавіцца супрацоўнікі міліцыі і КДБ?

– Усё пачалося пасля паўтарагадовай вучобы ў Польшчы. Як вярнуўся дадому, праз некалькі тыдняў атрымаў позву явіцца ў Леніскі РАЎС Магілёва, прычым гэта было 21 студзеня, калі мусілі адбыцца мітынгі прадпрымальнікаў, у тым ліку і ў Магілёве. У РАЎСе мяне пратрымалі пару гадзінаў, дзе запытвалі аб падзеях у Менску падчас мітынгу 10 студзеня – ці браў я ў іх удзел, што пра гэта ведаю.

Праз пару тыдняў да мяне дамоў прыйшоў супрацоўнік КДБ. Ён пазваніў у дзверы, назваўся Аляксандрам, расказаў, якую спецслужбу прадстаўляе і прапанаваў паразмаўляць. Пачаў задаваць пытанні, кшталту дзе вучыўся ў Польшчы, што там рабіў. Ненарок распавёў усю маю біяграфію. Яго цікавіла праграма Кастуся Каліноўскага, хто там галоўны, хто ёй займаецца, якія арганізацыі спрычыніліся да гэтай праграмы, ці ладзілі мы ў Польшчы якія-небудзь акцыі і мітынгі. Я мала чаго сказаў, бо сам дакладна ўсяго і не ведаў. Размова працягвалася каля двух гадзінаў, пасля чаго ён сказаў, што патэлефануе, каб дамовіцца аб чарговай сустрэчы. Было цікава, што ён, нарэшце, ад мяне хоча, таму і не працівіўся.

Падчас размовы Аляксандар шмат распавядаў аб палітыцы, Расеі, вялікай нашай будучыні і г.д.

– Ці паказваў ён табе сваё пасведчанне?

– Не. Напэўна, трэба было папрасіць, але я не адважыўся на гэта з-за сваёй мяккасці і сціпласці.

– Што было далей?

– Другім разам мы сустрэліся праз чатыры дні, хоць дамаўляліся праз тры, – напэўна ў іх тактыка такая. За гэты час я падаў дакументы, каб уладкавацца на працу рабочым, на прадпрыемства "Магатэкс". Аляксандр ведаў пра гэта, бо начальнік аддзела кадраў падала маё прозвішча на праверку ў КДБ. Ён запытваў мяне аб далейшых планах, ці жадаю  вярнуцца назад на вучобу ў Польшчу. Я сказаў што маю такі намер, бо ёсць дамова з маім дэканам аб тым, каб прадоўжыць вучобу на другім факультэце. Гэбіст прапаноўваў мне свайго роду працу ў Польшчы – рабіць фотаздымкі з розных мерапрыемстваў, збіраць патрэбную ім інфармацыю. Гутарка ішла таксама і пра грошы. Яна была ўскользь. Называлася сума ў памеры двух мільёнаў рублёў за працу. Прычым усё падавалася так, што ў мяне проста няма іншага выйсця, як пачаць працу на КДБ.

У трэці раз ён уведаў пра тое, што я не магу зрабіць візу каб выехаць у Польшчу. Аляксандр пачаў прапаноўваць мне выйсце з сітуацыі.

Першы сцэнар быў такі – я мушу стаць сябрам нейкай апазіцыйнай арганізацыі ці партыі. Потым я мушу там засвяціцца, з’ездзіць за мяжу ад імя гэтай арганізацыі ці партыі, пры гэтым чэкіст абяцаў дапамагаць.

Другі варыянт выезду ў Польшчу – асабістае запрашэнне ад каго-небудзь. Прычым тут ён браў справу ў свае рукі і абяцаў дапамагчы ў тым выпадку, калі першы сцэнар праваліцца. Я так разумею, што ў іх там ёсць свае людзі, якія бы маглі такое запрашэнне зрабіць.

Пра іншыя варыянты ён не казаў, але гаварыў што яны таксама ёсць.

– Кім з магілёўскіх актывістаў цікавіўся супрацоўнік КДБ?

– Яшчэ на першай сустрэчы ён распытваў мяне пра тых, каго ведаю з магілёўскай апазіцыі. Я адказаў адмоўна, бо, паўтары гады не быў у Беларусі і згубіў сувязі. Ён называў прозвішча, напрыклад Тацяны Буланавай з "Маладога Фронта", куды прапаноўваў уступіць, бо арганізацыя становіцца моцнай з-за таго, што выпушчаны на волю яе лідары, нават даў мне нумар гэтай Тацяны. Распытваў таксама пра Ганну Ільіну. Сказаў каб я працаваў з ёй, бо ў неабходны момант здолею заняць яе месца. Задаваў таксама пытанні пра кіраўнічку прафсаюза РЭП Галіну Лісіцыну, пра звольненага з "Магілёўліфтмаша" інжынера Ігара Барысава, пытаўся, хто выпускае газету "НАШ Магілёў".

– Колькі ўсяго было сустрэчаў?

– Каля 10-12. Сэнс сустрэчаў быў адзіны – мой гэбіст распытваў мяне пра розныя арганізацыі і хацеў, каб я прыносіў да яго незалежныя магілёўскія газеты.

– Ці пагражаў табе супрацоўнік КДБ?

– Так. Але гэта рабілася вельмі тонка. Напрыклад, ён казаў: мы ведаем, што ты ўладкоўваешся на працу, на цябе ёсць шмат кампраметуючых дакументаў – калі вышлем на працу, то цябе не тое што не возьмуць туды, але яшчэ звольняць і маці, і бацьку. Будуць праблемы і з усім астатнім. Прычым што ён меў на ўвазе пад "усім астатнім", я так і не зразумеў.

– Ці атрымоўваў ты нейкія спецыяльныя заданні?

– Самае малое – гэта прынесці незалежныя мясцовыя газеты. Потым уступіць у якую-небудзь арганізацыю ці партыю (ён не ўлічыў той момант што я сябра БСДП з 2004 года). Адзін раз ён прыйшоў і сказаў, што сёння, адбываецца сустрэча на былым "Коле сяброў": трэба туды схадзіць. Гэта была, дарэчы, сустрэча Зміцера Дашкевіча з магілёўскімі актывістамі. Наступны раз ён запытваў мяне пра гэтаю сустрэчу, што там было, што адбывалася, але я на 100 працэнтаў упэўнены: ён усё ўжо гэта ведаў. Проста правяраў – буду я хлусіць, ці казаць праўду.

– Ці прапаноўваў ён падпісаць якія-небудзь дакументы аб супрацоўніцтве?

– Хацеў распіску, што я не буду хлусіць. Апошнія 4-5 сустрэч ён кожны раз узгадваў пра гэта, але я кожны раз гэта адкладаў.

– У якім месцы праходзілі сустрэчы?  

– Усё адбывалася ў жылым дворыку, які знаходзіцца паміж другім корпусам Беларуска-Расейскага ўніверсітэта і былым барам "Стрелка". Ён заўсёды пад’язджаў на цёмна-сіняй машыне маркі "Volkswagen Vento".  Нумар машыны 4282.  Казаў, гэта службовая машына.

– Чаму ты пасля такой колькасці сустрэч з супрацоўнікам КДБ вырашыў распавесці аб гэтым грамадскасці?

– Па-першае, мне было проста цікава, што гэты чалавек хоча – так толкам і не зразумеў. Аднак аб кожнай такой сустрэчы ведалі мае блізкія сябры, і таму я быў спакойны, што ніхто з іх і іншых не ўспрыме мяне як "сэксота".

– Калі вы бачыліся з ім апошні раз?

– Апошні раз мы з ім сустрэліся каля тыдня таму. Я яму сказаў каб ён мне больш не тэлефанаваў і не прыходзіў да дому, бо мае бацькі падазраюць, што я кантактую з КДБ, і яны вельмі з гэтай нагоды хвалююцца. Адзін раз ён патэлефанаваў мне і хацеў паразмаўляць, але я проста паклаў слухаўку.

– Якія твае планы на будучыню?

– Я ўладкаваўся на працу і пакуль што працую, але ёсць планы зноў прадоўжыць вучобу ў Польшчы.

– Якія наступствы могуць быць ад таго, што ты выносіш на публіку вашыя сустрэчы?

– Я не баюся. Мне няма чаго баяцца. Я нічога не рабіў і не раблю супрацьзаконнага.  

Вітольд Няўрыда

27.02.2008

Разнарадка БРСМ: вы мусіце прызнацца ў каханьні да Лідзіі Ярмошынай!

У рамках акцыі да Дня Сьвятога Валянціна, якую праводзіць БРСМ, сябрам арганізацыі дасланы спіс "вядомых дзеячаў", каму трэба прызнацца ў каханьні.

Асабістасьцю дакумента з'яўляецца тое, што са структураў БРСМа патрабуюць абавязкова ў пэўны тэрмін прадаставіць валянцінку да кожнага са сьпісу "моладзевых куміраў". Спіс вызначаўся цэнтралізавана і прыводзіцца ніжэй.

Такім чынам, намінацыя першая – беларускія эстрадныя выканаўцы і группы:

Алеся, Іна Афанасьева, Улада, Ларыса Грыбалёва, Ірына Дарафеева, Пётр Ялфімаў, Сяргей Мінскі, Ксенія Сітнік, Паліна Смолава, "Цягні-Піхай", Аляксей Хлыстоў, Дзьмітры Калдун, Іскуі Абалян, Ядзьвіга Паплаўская, Аляксандр Ціхановіч, Вольга Барабаншчыкава, Дзьмітры Жыгалковіч, Георгі Калдун, Руслан Аляхно, Ялена Грышанава, "J-mors", Дзьмітры Качароўскі, Анатоль Ярмоленка.

Намінацыя другая – вядучыя беларусіх тэлеканалаў:

Сьвятлана Бароўская, Дзмітры Дарафееў, Сяргей Кухто, Вольга Галякова, Сяргей Савіцкі, Аляксандр Сярэбраньнікаў, Ірына Смольская, Алена Сьпірыдовіч, Алена Хадаронак, Дзяніс Кур'ян, Уладзімір Мікалаевіч Навіцкі, Каліна Вярдомская.

Намінацыя трэцяя – беларускія спартсмэны:

Вадзім Дзевятоўскі, Іван Ціхан, Марына Лобач, Аляксей Ігнашэў, Максім Мірны, Ўладзімір Ваўчкоў.

І, нарэшце, вось асобы з ліку грамадскіх і палітычных дзеячы, якім лукамольцам дазволена і рэкамендавана прызнавацца ў каханьні:

Ермакова Надзея Аляксееўна, Ярмошына Лідзія Міхалаўна, Пяткевіч Натальля Ўладзіміраўна, Аўдзеева Натальля Пятроўна, Мухін Алесь.

Акрамя гэтага, моладзь мае магчымасьць адаслаць паштоўкі нараджэнцам свайго горада, раёна – членам Савета Рэспублікі і дэпутатам Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага Сходу Рэспублікі Беларусь, вядомым творчым асобам: артыстам, музыкантам, мастакам. І нават прэзідэнту.

Саша Заяц

11.02.2008

комментировать
Уважаемые коллеги, напоминаем вам, что использование материалов сайта разрешается только при условии гиперссылки на
BulletinOnline.org
Banner
 

Powered by Plone CMS, the Open Source Content Management System

Этот сайт соответствует следующим стандартам: