№ 4, красавік-травень
|
Алена Макарэвіч – рамантык і аптыміст
Актывістка "Маладога Фронту" прытрымліваецца хрысціянскіх прынцыпаў. У свае 17 гадоў яна ўпэўнена, што выбрала правільную дарогу, прысвяціўшы сябе барацьбе за Свабоду і Незалежнасць Беларусі. Яна з тых, хто не прапускае ніводнай акцыі дэмакратычных сіл. Акрамя вывешвання расцяжак, расклейкі налепак, удзелу ў масавых акцыях, яе спецыфіка – культурніцкая місія пры "Маладым Фронце". Знаёмцеся – Алена Макарэвіч Як прыйшла ў арганізацыю Усё пачалося ад яе ўдзелу ў акцыях пратэсту пасля абвяшчэння вынікаў галасавання, вядомых найноўшай гісторыі як "намётавы гарадок на Кастрычніцкай". 19 дня сакавіцкага месяца, дабіраючыся да сяброў, яна трапіла на Плошчу: "Я ўбачыла шмат сцягоў, мноства народу, гучаліся спевы, музыка, выступы апазіцыйных палітыкаў на беларускай мове – гэта мяне ўскалыхнула. Там я пазнаёмілася з цікавымі людзьмі, якія пасля прывялі мяне ў "Малады Фронт". У першы дзень я ўбачыла маладафронтаўскага лідэра – Змітра Дашкевіча, які распавёў пра сэнс дзейнасці і апрануў на мяне майку "Малады Фронт – не спыніць!". І гэта было для мяне гонарам". З таго часу яна у шэрагах гэтай арганізацыі і вельмі рада што ўсё так атрымалася". На пытанне, чаму ж Алена вырашыла, што "Малады Фронт" – гэта ейнае, яна параўноўвае сябе з той дзяўчыначкай, якая была дагэтуль: "Раней я проста тусавалася з сябрамі, і так шмат часу на гэта сыходзіла. Але цяпер я ўжо не такая, як была раней. Мая дзейнасць у арганізацыі пашырае мае арганізацыйныя здольнасці, дае дарогу на самарэалізацыю, цяпер я магу прыкладаць свой вольны час у канкрэтную працу па Адраджэнні грамадства, усталяванні дэмакратычных каштоўнасцей. Цяпер я імкнуся ведаць сапраўдную інфармацыю пра сітуацыю ў нашай краіне і свеце, а не абыходзіцца прапагандысцкай стабільнасцю БТ і іншых дзяржаўных крыніц. У арганізацыі ў мяне стала шмат сяброў – аднадумцаў, якія могуць чымсьці дапамагчы пры неабходнасці". Пра сябе Алена не амбіцыйны чалавек і адразу ўсяго не хоча. Яна мяркуе, што ўсё мусіць праходзіць праз лесвіцу. Як яна лічыць, галоўнае – усё рабіць для перамогі. Алена Макарэвіч – пратэстантка, часта наведвае царкву пяцідзесятнікаў "Ян Прадвеснік". Свой рэлігійны выбар яна зрабіла падчас сяброўства ў "Маладым Фронце". Дарэчы, у мінскай арганізацыі 90 працэнтаў веруючыя людзі, усе хрысціяне, з якіх больш паловы – прыхільнікі пратэстанцтва. Як адзначае Алена, царква закаляе ў яе цвёрдую непахісную веру і робіць яе характар больш маральным. Дзевяць месяцаў таму яна кінула піць піва і іншыя спіртовыя напоі, і ўжо пяць месяцаў як не паліць цыгарэты. Ужо больш году пераважна размаўляе па-беларуску. Любіць музыку – пачынаючы ад хрысціянскага року – Новы Іерусалім, Фляус і Кляін, Скімен, сканчваючы рок-зоркамі Б:Н, Placebo, Таварыш Маузер, NRM, P.O.D. і знакамітай Vanesa Paradis. "А яшчэ я магу назваць сябе рамантыкам, аптымісткай і чалавекам, які па жыцці прытрымліваецца хрысціянскіх прынцыпаў". Безумоўна, яе ідэал – Ісус Хрыстос. Што натхняе да палітычнай дзейнасці У нашай краіне, як вядома, палітычная дзейнасць, якая не зыходзіць з боку афіцыйнай улады – апазіцыйная і незаконная. Што ж прываблівае такіх маладых дзяўчат да гэтага? У сваёй справе Алена часта ўзгадвае цытаты з Бібліі, былую дзейнасць апосталаў і г.д. Вельмі натхняе яе наша краіна Беларусь. Яе любімыя мясціны – Мінск, Навагрудак, невялікі гарадок Бобр. Таксама Алену ўражваюць славутыя беларускія змагары і літаратары – К.Каліноўскі, Е.Полацкая, В.Быкаў, У.Караткевіч. "Пасля кожнай вулічнай акцыі я ўсё больш натхняюся на працу і веру ў тое, што яна хутка дасць вынік, і перамены будуць непазбежнымі!" Чым займаецца ў арганізацыі "Апошнім часам я займаюся культурніцкім аддзелам нашай арганізацыі. Нядаўна мы сумесна з БХД арганізавалі сустрэчу з Эрнэстам Сабілай – вядомым зняволеным пастарам падчас савецкай улады. У хуткім часе адбудзецца сустрэча з Надзеяй Дземідовіч, Генадзем Бураўкіным. Я сама люблю хадзіць у тэатры і на цікавыя выставы, вывучаю нашую гісторыю. Думаю, як бы сабраць наш мінскі актыў і усім разам пайсці ў Купалаўскі тэатр. Гэтым летам мы плануем арганізаваць летнік дзе-небудзь пад Воршай для усіх нашых рэгіянальных актывістаў. Акрамя гэтага, я па неабходнасці дапамагаю іншым адказным людзям, напрыклад, нядаўна насілі перадачы для асуджаных на Акрэсцінскаю турму, хажу на ўсе судовыя працэсы, кансультую і дапамагаю рэпрэсаваным актывістам". Пра планы Алена плануе скончыць школу, свой апошні 11 клас. Дзе вучыцца надалей, канчаткова не вызначылася. Збіраецца паступаць ў Педадагічны універсітэт, калі ёй дазволяць нашыя ўлады. Калі не – ёсць варыянт паступіць у Віленскі універсітэт па завочнай праграме. Яна хоча стаць настаўніцай беларускай мовы альбо беларускім філолагам. "Чакаю таксама свайго паўналецця, тады я ўжо сама буду адказваць за сябе. Калі што –турмы не баюся, як і крымінальнага пераследу. Да мяне ўжо некалькі разоў падыходзілі супрацоўнікі КДБ, але ў мяне з імі размова кароткая. Яны прыходзілі да маіх бацькоў, прыходзілі ў школу. Але хай сабе ходзяць, бо нішто не можа супрацьстаяць нашай ідэі. Пасля такіх візітаў, канешне, мяне цяпер праз дзень выклікаюць да дырэктара, каб я казала, дзе была, што рабіла, як вучуся, але паўплываць гэта на маю лінію ніяк не можа". Яшчэ Алена плануе пайсці вучыцца ў аўташколу і атрымаць правы. Яна марыць пра ўласную машыну "Таёту Кэмбры". Пра льготы Алена, як льготніца, была вельмі занепакоеная адменай льготаў. Яна прымала ўдзел у студэнцкіх акцыях пратэсту – але яны сітуацыю не змянілі. Тада Алена пачала змагацца з патрабаваннем плаціць 600 рублёў за праезд жорсткай адмовай кантралёрам і кандуктарам. За большую частку карыстання гарадскога камунальнага транспарту яна не аплочвае праезд у знак нязгоды. Яна лічыць, што мае права, пакуль вучыцца ў школе, не плаціць поўны кошт за праезд, а паколькі квіткоў за 300 рублёў не існуе, яна не плоціць нічога. І яшчэ ні разу штрафу ёй не выпісвалі. Што бацькі думаюць "Мае бацькі не падтрымліваюць мяне з-за страху, у першую чаргу з-за страху згубіць сваю працу. Канешне, яны ўсё разумеюць, што адбываецца насамрэч у нашай краіне, але выказаць гэта, як я, яны не могуць. Маю дзейнасць яны ўспрымаюць ужо як свядомы выбар". Пра сяброў У Алены вялізарны спіс сяброў і сябровак. Не замужняя і не мае свайго каханага хлапца. Сябры часта называюць яе Аленкай-Партызанкай. Піць піва з сябрамі на Нямігу яна болей не ходзіць, цяпер сваіх сяброў яна кліча на культурніцкія вечарыны, масавыя акцыі, наведаць царкву і наўпрост далучыцца да шэрагаў "Маладога Фронту". Як адзначае Алена, яе ўжо добра ведаюць спецназаўцы, таму калі яна сустракае іх дзе-небудзь у горадзе, яны адразу цікавяцца, калі ж будзе чарговая акцыя і ім выпадзе яе затрымліваць. У палітычныя партыі ўступаць яна не жадае, бо не бачыць падыходзячых для яе. Затое яна падтрымлівае лідэра руху "За Свабоду!" Аляксандра Мілінкевіча і бачыць менавіта яго будучым прэзідэнтам Беларусі. У Мілінкевічы яна цэніць яго шчырасць і сумленасць. Тры правакацыйных пытанні – "Малады Фронт" заяўляе аб неабходнасці ўступлення Беларусі ў Еўрапейскі Саюз. Вы далучыліся да кампаніі "Еўрапейская Беларусь". Але як быць з тым,што "Малады Фронт", з’яўляючыся хрысціянска-дэмакратычнай арганізацыяй, не прымае новаліберальныя законы некаторых вядучых краін ЕС, напрыклад, гей-парады, шлюбы грамадзян з нетрадыцыйнай арыентацыяй, легалізацыя наркотыкаў і г.д. Уступіўшы ў ЕС, гэты блакітны рух не абміне нашую краіну. Што вы думаеце? – Вось мы і павінны ўступіць у ЕС, каб распаўсюджваць там вяртанне да хрысціянскіх традыцый, шукаць аднадумцаў у Польшы, Чэхіі, Прыбалтыцы і адзінай кааліцыяй супрацьстаяць гэтай д’ябальшчыне. Беларусь павінна адмежавацца ад Расіі юрыдычна і мець абарону і гарантыю бяспекі з боку ваенных арганізацый, мець прадказальных эканамічных партнёраў і г.д. – Вашая арганізацыя распаўсюджвае еўрапейскую традыцыю, палітыку добрасуседства, еўрастандарты, ў шматлікіх пытаннях вы арыетуецеся выключна на пазіцыю ЕС і ЗША. А скажыце, ці былі вы самі там за мяжой? Ці бачылі вы Захад сваімі вачыма? Наш прэзідэнт неаднаразова бываў там і яму сённяшні Захад не да спадобы. Як вы пракаментуеце гэтае пытанне? – Не была я сама асабіста на Захадзе, на жаль не была. Але я думаю, як будзе мне 18 гадоў, гэтая праблема вырашацца. Я імкнуся быць у курсе ўсіх падзей, сачу за інфармацыяй. Захад мне вядомы з дакументальных фільмаў, падручнікаў, расповедаў маіх сяброў. Мы арыетуемся на заходнія стандарты – яны сёння вядучыя ў свеце і нам бліжэйшыя, бо ўсе мы хрысціяне. Самае галоўнае, што Захад заснаваны на дэмакратыі, павазе чалавечай годнасці, хрысціянскіх прынцыпах, законнасці. Яны падтрымліваюць нас як могуць і хочуць бачыць нас такой жа краінай. А каб стаць такой жа краінай, такія перадумовы мы маем. У вядучыя краіны свету часта запрашаюць нашых лідэраў "Маладога Фронту" і ім добра вядомыя плюсы і мінусы заходняй рэчаіснасці. Плюсаў нашмат болей. А Лукашэнка і не мусіць любіць Захад, бо ён арыетуецца на Савецкі Саюз і сацыялістычныя прынцыпы. А зараз ён за сваю дзейнасць увогуле невыязны ў такія краіны свету. Тут усё ясна. – Уявіце сітуацыю: вы сустрэлі маладога чалавека і закахаліся ў яго – ён той, пра каго вы марылі. Але вось бяда – ён згодны быць разам з вамі толькі тады, калі вы пакінеце "Малады Фронт". Ён можа быць і падтрымлівае "МФ", але баіцца за вас. Вашая рэакцыя? – У мяне такі прынцып – Беларусь перад усім! Я думаю, што такога чалавека б не сустрэла, а калі, і сустрэла, то з такімі думкамі ён мне б не спадабаўся. Замуж цяпер я не збіраюся, а калі надыйдзе час, як кажуць, як толькі, дык адразу. Як бы там не было, асабістае жыццё на маю дзейнасць не паўплывае. Пажаданні "Я жадаю ўсім беларусам знайсці сябе, адчуць нашу нацыянальную адметнасць, гісторыю, прытрымлівацца дэмакратычных каштоўнасцяў, і па жыцці карыстацца хрысціянскай маральнасцю, менавіта тады жыццё стане рэчаісным і непаўторным!" P.S. У наступным нумары героям Спецрэпартажу стане адзін з лідэраў "Маладога Фронту" – Артур Фінкевіч.
Дзе ў Мінску самы лепшы інтэрнэт-клуб?
Наш партызанскі агляд вылучыў наступныя месцы, якія могуць прэтэндаваць на такое званне. Вірус. Каардынаты: 350 метраў ад станцыі метро пл. Я.Коласа, вул. Чырвоная, 13. У клубе больш за 50 кампутараў, 20 з якіх разлічаны для віп-карыстальнікаў. Тут можна знайсці самыя папулярныя гульні, створаны разнастайны архіў музыкі, вялізарны выбар фільмаў і кліпаў. Як і ў большасці клубаў, Інтэрнэт тут аплачваецца па тарыфікацыі ад 15 хвілін. Адна гадзіна яго доступу раўна 3000 рублёў. Вірус адметны тым, што амаль у любы час тут маюцца вольныя месцы для ўсіх жадаючых карыстальнікаў. У клубе дзейнічае каляровы друк, ксеракопія, працуе бар. Тэтрыс. Каардынаты: 230 метраў ад метро Пл. Перамогі, вуліца Фрунзэ, дом 3. У клубе каля 40 кампутараў, якія размешчаны ў 2 залах. Гадзіна Інтэрнэта раніцай – 1600 р., у астатні час – 1900. Адстутнасць вольнага кампутара тут нярэдкасць, таму наведвальнікам часта даводзіцца вытрымліваць чаргу. Тэтрыс мае запас шматлікіх гульняў, большасць з якіх – ралевыя і гульні-стратэгіі, таксама музыкі і фільмаў. V3Клуб. Каардынаты: 300 метраў ад станцыі Пл. Перамогі, побач з тэлекампаніяй АНТ. Клуб змяшчае каля 40 кампутараў, падзеляны на 3 невялікія залы. Адна зала прызначаная для карыстання Інтэрнэтам, гадзіна якога абыходзіцца ў 2600 рублёў. Астатнія залы размяшчаюць наведвальнікаў гульні, прагляду фільмаў. У памяці кампутараў маецца ўшушальны запас музыкі, серыялаў, фільмаў. Ужо пасля абеду знайсці тут вольнае месца праблематычна, бо клуб набіваецца шматлюднымі чэргамі. Тарантул. Каардынаты: 40 метраў ад метро Трактарны завод, дк МТЗ. Клуб мае 50 кампутараў, якія размешчаны ў адным зале. Пасля пятай гадзіны тут ствараюцца чэргі моладзі, таму прабрацца да кампутара магчыма толькі запісаўшыся ў ліст наведвальнікаў. Гадзіна Інтэрнэту – 3000 рублёў. Як правіла, у выходныя дні Тарантул не працуе для будніх наведвальнікаў – тут адбываюцца спаборніцтвы паміж маладымі геймерамі. СаюзOnline. Каардынаты: 30 мет-раў ад метро Кастрычніцкая, Дом афіцэраў. Адзін з вядучых цэнтральных клубаў сталіцы. У клубе размешчана больш за 70 кампутараў, працуе 4 залы. Інтэрнэт каштуе 3600 за гадзіну. 10 кампутараў прызначаны для запісу і апрацоўкі інфармацыі. У архіве маецца вялізарны запас музыкі, фільмаў, серыялаў, фотаздымкаў, кліпаў. Клуб робіць паслугі на каляровы друк, ксеракопію, ламінаванне, набор тэкстаў. У залі працуе бар. Чарга тут не рэдкасць, але яна хутка знікае, быццам ніколі яе і не было. БелТэлеком. БелТэлеком добра вядомы карыстальнікам сусветнай павуціны. Сёння ён лічыцца альтэрнатывай усім кампутаровым клубам. Гадзіна Інтэрнэту абыходзіцца ў 1600 рублёў раніцай і ноччу, 2000 рублёў – днём і увечары. Тут не існуе мінімальнай 15 хвіліннай тарыфікацыі, як ў прыватных клубах, таму замаўляць кампутар можна на любы тэрмін і па неабхонасці забіраць аплачаныя грошы. Мінус БелТэлекому – звычайная адсутнасць вольных месцаў, доўгія чэргі. Таму прасцей замаўляць кампутар, запісаўшыся па тэлефоне адпаведнага раённага аддзялення. Сеткі БелТэлекому размяшчаюцца па ўсёй краіне, адзін толькі Мінск мае каля 100 такіх аддзяленняў. Варта, дарэчы, не блытаць гэтыя прадстаўніцтва з Белпоштай, бо гэта розныя дзяржаўныя прадпрыемствы. Дзе ў Мінску бясплатны Інтэрнэт Вядомая амерыканская кампанія IREX ужо больш 10 гадоў вядзе праграму па падтрымцы доступу беларусаў да сустветнай павуціны. Офіс знаходзіцца ў 400 метрах ад станцыі метро Няміга, па прашпекце Пераможцаў, дом 11, пакой 506. Любы жадаючы можа замовіць месца, папярэдне дамовіўшыся з адміністрацыяй залы па тэлефоне: 8 017 203 31 74. IREX прадстаўляе магчымасць карыстацца Інтэрнэтам, як правіла, да 3 гадзінаў у тыдзень кожнаму жадаючаму. Таксама гэтая кампанія дапамагае ў распрацоўцы сайтаў, дае парады па іх адміністраванню.
Што для вас ёсць 1 Мая?
Як вядома, 1 мая афіцыйнае свята працы і адпачынку. Стаўленне нашага грамадства да такога свята неадназначнае, бо традыцыя святкавання зарадзілася з часоў савецкай улады і сталася брэндам камуністычнай ідэалогіі. І гэта нягледзячы на тое, што 1 мая як свята зарадзілася ў далёкім амерыканскім Чыкага, на хвалі працоўных пратэстаў. Ці павінен мець наш каляндар такі дзень і з чым ён асэнсуецца сёння, адказваюць прадстаўнікі грамадзянскай супольнасці. Генерал-маёр, экс-дэпутат Палаты Прадстаўнікоў, кіраўнік Беларускай Сацыял-Дэмакратычнай Партыі (Грамада) В.Д. Фралоў: "Для меня как для человека старой закалки это в первую очередь праздник труда, мира, трудящихся. Хоть я и не привык работать руками, всё больше головой да языком. Это праздник, когда жизнь начинается, всё цветёт и жить хорошо". Грамадскі актывіст, праваабаронца Вячаслаў Сіўчык: "Для мяне гэта ўвогуле не свята. Так атрымалася, што ў гэты дзень у мяне памёр дзед, і гэта засланіла для мяне ўсе астатнія, саўкова-фашысцкія святы. Калі зменіцца ўлада, я апублікую матэрыялы пра святкаванне 1 мая пры фашысцкім рэжыме. Гэта, я лічу, будзе бомба, якая нікаго не пакіне абыякавым". Кіраўнік "Камітэта рэпрэсаваных" Іна Кулей: "Для меня это светлый праздник, счастливые воспоминания детства. Как сейчас помню тёплый, погожий, летний день, хорошее настроение у меня и всей семьи. Празднично одетые люди выходят на парад. Сейчас это в первую очередь день солидарности, не только рабочих, но и вообще всех трудящихся, всех кто может и хочет работать. Жаль, но при этой власти уже нет того оттенка всенародного праздника, это просто очередное официальное мероприятие". Кіраўнік Аб’яднанай Грамадзянскай партыі, Анатоль Лябедзька: "Для меня лично это воспоминания студенческой молодости. Нас ставили в строй и отправляли на демонстрацию. Это была своего рода тусовка. Я тогда был моложе, и можно было, если погода позволяла, пронеся какой-нибудь портрет, бросить его в кучу, и пойти пить чай или пиво, в зависимости от компании. Очень рад, что сейчас меня никто не может заставить пойти туда, и очень сочувствую тем, кто в 21 веке принудительно туда ходит. Мы планируем в этот день провести, в рамках ОДС, акцию против социально-экономического курса нынешнего режима". Намеснік кіраўніка Беларускага кангрэса дэмакратычных прафсаюзаў Мікалай Канах: "В принципе для меня это ушедший день, но вообще это день солидарности трудящихся. И в этот день мы должны, отмечая его, показать и доказать свою солидарность с трудящимися всего мира". Лідэр Полацкай арганізацыі "Малады Фронт" Кацярына Салаўёва: "Я лічу што не трэба святкаваць гэты дзень так маштабна і надаваць яму статус дзяржаўнага. Калі ў кагосці ёсць настальгія па мінулым – калі ласка, адзначайце, але ў будучыні гэты дзень мусіць стаць звычайным днём. Лічу, што для працоўных не патрэбныя такія святы. Можа, яшчэ трэба адзначаць дзень спажыўца каўбасы?" Павал, працоўны Мінскага трактарнага завода: "Я работаю в две смены на заводе от выходных к выходным. 1 мая – это день отдыха, праздника души, возможности встретиться с друзьями на природе. Я знаю, что 1 мая отмечают и в других странах, поэтому этот день касается и нас и объединяет всех нас, рабочих". Студэнтка 4 курсу БДЭУ Алёна Машук: "У нас в этот день выходной, и это замечательно. Отмечать будем с друзьями где-нибудь на природе, но никаких чувств к этой дате я лично не испытываю. Праздник – это конечно же хорошо, но чтобы опять были послушные парады, с портретами – этого не хочется. Пусть будет просто: Мир! Труд! Май!!!" Сяржук Кастыленка
"Справа 10" скончылася турэмным тэрмінам, хіміяй і штрафамі
Цэнтральны суд Мінску 24 красавіка прызнаў 10 чалавек вінаватымі ў арганізацыі масавых беспарадкаў 10 студзеня падчас акцыі пратэсту прадпрымальнікаў. Нагадаем, што ў той дзень некалькі тысяч прадпрымальнікаў выйшлі на плошчу з мэтай бараніць свае правы на ўласны бізнэс, патрабуючы скасаваць 730 указ прэзідэнта. Акцыя скончылася перакрыццём актывістамі моладзевых арганізацый і непасрэдна прадпрымальнікаў цэнтральнага прашпекту ля будынку Парламенту на 2 гадзіны. Улада адказа на такі пратэст узбуджэннем крымінальнай справы па артыкуле 342 ч.1 КК "Арганізацыя масавых беспарадкаў". Андрэй Кім, які да суду знаходзіўся пад вартай, па факце 2 узбуджаных спраў, прызнаны вінаватым па 342 артыкуле і прызнаны вінаватым у нападзе на супрацоўніка ДАІ падчас акцыі. Рашэннем суду для Кіма стала турэмнае зняволенне да 1,5 гадоў калоніі агульнага рэжыму. Міхаіла Пашкевіча, Міхаіла Крывава, Алеся Чарнышова, Таццяну Цішкевіч, Арцёма Дубскага, Алеся стральцова, Аляксея Бондара накіравалі на папраўчыя працы тэрмінам на 2 гады без размеркавання. Уладзімір Сяргееў і Антон Койпіш аштрафаваныя на 100 мінімалак. 24 красавіка прайшоў працэс і над прадпрымальнікам Сяргеем Парсюкевічам, якога таксама абвінавацілі ў збіцці супрацоўніка міліцыі. Суд вынес Парсюкевічу 2,5 гады зняволення. Суд прызнаў факт нападу Парсюкевіча на прапаршчыка міліцыі – ахоўніка прыёмніка-размеркавальніка, вядомага як Акрэсцінская турма. Інцыдэнт адбыўся падчас адбыцця 15 сутак арышту за ўдзел у акцыі пратэсту, у момант праверкі камеры. У ходзе спрэчкі прадпрымальніка вывелі з камеры на размову, дзе па версіі следства і адбылася бойка. Парсюкевіч сваю віну не прызнаў і крымінальную справу лічыць сфальсіфікаванай. Па яго словах, ён стаўся ахвярай рэжыму, а дадзены прысуд – гэта чарговы элемент запалохвання грамадства. Сваю ноту пратэсту у сувязі з такім развіццём падзей ужо выказалі Дзярждэпартамент ЗША, кіраўніцтва Еўрапейскага Саюза, Савет Еўропы і шматлікія праваабарончыя арганізацыі.
"Стары Ольса"
Гурт "Стары Ольса" з’явіўся ў 1999 годзе як музычная каманда беларускай сярэднявечнай культуры. У 2003 годзе "Стары Ольса" пашырыў свой склад тэатрам старадаўняй культуры "Яварына". Цяпер шматлікія выступленні суправаджаюцца адмысловым шоу і пермомансамі. Рэпертуар гурта – беларускія народныя балады і ваярскія песні, творы бела-рускіх кампазітараў эпохі Рэнесанса, кампазіцыі з беларускіх зборнікаў прыдворнай музыкі ("Полацкі сшытак", "Віленскі сшытак"), беларускія канты 16 - пачатку 17 стагоддзяў, а таксама еўрапейскія папулярныя мелодыі эпохі Сярэднявечча і Рэнесанса. Гурт супрацоўнічае з рыцарскімі клубамі, музеямі, даследчыцкімі цэнтрамі, майстрамі старадаўніх інструментаў, з гуртамі старадаўняй музыкі і асобнымі выканаўцамі на старых інструментах. На пытанне адкуль узнікла назва калектыва, вакаліст гурта спадар Сасноўскі ўзгадвае гісторыю: "Ехалі мы з братам у машыне і спрачаліся пра праграму першага сольнага канцэрта ў Мінску (2000 г.). Вылезла праблема назвы. Ён кажа: "Ды вы не пакутуйце, выберыце што-небудзь з беларускіх незвычайных назваў рэчак, вёсак, возёраў, горак! Будзе беларускае і старадаўняе. Напрыклад, ёсць на Магілёўшчыне такая рэчка Ольса. А калі засмучае нешта – дадайце да гэтага слова яшчэ нейкае". Я прапанаваў дадаць слова "Стары", але брат сказаў, што гэта банальна і нецікава, але я ўжо захапіўся і больш не перадумваў і не шкадаваў!" Гісторыя. Творчасць. Сучаснасць. За часы існавання запісаны 7 альбомаў і 1 музычны праект. Музыка гурта ўвайшла ў 7 зборнікаў выканаўцаў старадаўніх мелодый. У гурце прымаюць удзел: Зміцер Сасноўскі, Сяргей Тапчэўскі, Ілля Кубліцкі, Марыя Шарый, Андрэй Апановіч, Каця Радзівілава. Музыкі лічуць, што наяўнасць музычнай адукацыі для іх не галоўнае. "Калі гаворка пра адукацыю ў нейкай навучальнай установе і наяўнасць дакументаў пра адукацыю, - то большасць удзельнікаў гурта музычнай адукацыі не маюць. Каця Радзівілава вучыцца ў Інстытуце культуры на аддзяленні народных інструментаў, а Ілля Кубліцкі - у Кансерваторыі па класу гітары. Але наяўнасць музычнай адукацыі ніколі не характарызуе узровень густа, слыху і працаздольнасці". "Стары Ольса" часта запрашаюць на выступленні ў шматлікія заходнія краіны. Часцей за ўсё выпадаюць вандроўкі ў Расію, Літву, Польшу, Украіну. У нашай краіне гурт можна пабачыць на шматлікіх рыцарскіх фэстах, народных фестывалях, на правінцыйных канцэртах, а вядомы кліп "У карчме" не знікае з музычных і нацыянальных тэлеканалаў, ролікаў на экранах у сталічным метрапалітэне. Зарабляць сродкі на жыццё прыходзіцца дзякуючы канцэртнай працы і вырабленнем вопраткі. "Зарабляем ў замежжы. Рэдка, хацелася б болей. А на Радзіме, нажаль, нашыя канцэрты, калі глядзець з боку гурта, можна назваць дабрачыннымі. Мы шыем старую вопратку, набываем і рамантуем старыя інструменты, таму рэгулярна залазім у пазыкі, якія аддаем толькі зарабіўшы на Захадзе. Але з заходніх канцэртаў нешта застаецца ў кішэнях, а з канцэртаў у Беларусі ўсё аддаем на развіццё гурта". Да творчасці музыкаў натхняе патрыятызм і вера ў беларускі народ: "Прага ганарыцца сваім вялікім народам. Нажаль, прыкмет вялікасці нашмат болей у мінулым, чым зараз. Мінулае паказвае, на што мы здольныя, калі дамагаемся свабоды і жывем у сваёй дзяржаве..." Тэатр "ЯВАРЫНА", які выступае ўсё часцей разам з гуртом займаецца распрацоўкай ды пастаноўкай сцэнічных і масавых варыяцый стара-жытных танцаў. У рэпертуары – народныя, гарадскія, прыдворныя танцы беларускага, эўрапейскага Сярэднявечча і Рэнесанса. Асобная нач-ная праграма ўключае вогненную імпрэзу, сцэнічны бой, працу з піратэхнікай і арабскі танец. Усё гэта з'яўляецца захапляльным відовішчам, у якім спалучаюцца музыка, танцы, тэатр і магія агню. Кіраўнік тэатру - Маргарыта Кубенкевіч. Склад: 6 танцораў, 4 музыкі. Сярод інструментаў, якімі карыстаюцца музыкі, сабраныя значныя старадаўнія інструменты Вялікага Княства Літоўскага і агульна-еўрапейскія - крылавідныя гуслі, гудок, дрымба (варган), свірэль, беларуская дуда, беларуская вайсковая дуда, беларуская дуда-мацянка, сурма, берасцяная труба, барабан з камля, елка, вайсковы барабан, арабскія барабаны, шалмеі, 4-струнная лютня эпохі Сярэднявечча, 6-струнная лютня эпохі Рэнесанса, колавая ліра (латышская), гуслі з ігравым вакном, кантэле, колавая ліра (беларуска-польская), квінтэрна, акарына. А на нашае апошняе пытанне, ці ёсць будучыня ў беларускага фольку, спадар Сасноўскі аптымістычна адказвае: "Зараз вельмі шмат народу, таварыстваў цікавяцца фолькам. У Еўропе зараз такі працэс мае станоўчы вынік. Але я думаю, што без дзяржаўнай падтрымкі тут не абысціся. Трэба дапамагаць людзям якія працягваюць збіраць фальклёр. Трэба выратоўваць тыя аўдыёзапісы, якія захоўваюцца ў Акадэміі Навук і тады такая творчасць стане яшчэ больш якаснай і дасканалай!"
Беларуская апазіцыя ўшанавала 22 гадавіну Чарнобыльскай аварыі
У Мінску 26 красавіка адбылося традыцыйнае шэсце ад пляца Акадэміі навук да парку дружбы на-родаў. Арганізатарам акцыі ў гэтым годзе выступіў рух А.Мілінкевіча "За Свабоду!" і кааліцыя Аб’яднаных дэмакратычных сіл. Каля 2 тысяч удзельнікаў шляху дайшлі да царквы пабудаванай у гонар іконы Божай маці "Спатоленне загінулых" у памяць Чарнобыльскай катастрофы, дзе і адбыўся невялікі мітынг і ускладанне кветак. Таксама ўдзельнікі акцыі заявілі сваё рашучае "не" будаўніцтву новай АЭС, якое распрацоўвае ўлада ўжо другі год. У адрозненні ад мінулых апазіцыйных акцый, шлях прайшоў даволі мірна і без правакацый. У калоне дэманстрантаў можна было ўбачыць нават байцоў спецназу, якія апранулі на сябе значкі і сцягі арганізацыі "Беларуская Хрысціянская Дэмакратыя". Ад удзелу ў агульнай малітве і пакаянні людзі ў цывільным адмовіліся, мабыць таму што пайсці на такі загад для сваіх ўлада яшчэ не асмельваецца. Таксама ў гэты дзень ладзіліся невялікія акцыі памяці ў Гомелі, Мазыры і на Прыпяці. |