№ 5, ліпень
|
"Мы ўзялі ўсю адказнасць за будучыню краіны"
З-за сваёй актыўнай грамадскай пазіцыі Артур Фінкевіч правёў больш за два гады ў зняволенні, стаўшыся адным з рэпрэсаваных на сумленні сённяшняй улады. Як прыйшоў у арганізацыю Далучыўся Артур да "Маладога Фронту" яшчэ ў 2001 годзе, падчас кампаніі па выбарах прэзідэнта. Сустрэўшыся з маладафронтаўскім лідэрам Паўлам Севярынцам, вельмі ўразіўся яго прамовай і верай у будучыню Беларусі. Пасля гэтага адразу далучыўся да дзейнасці бяз якіх-небудзь сумневаў – знайшоў сябе ў працы арганізацыйнага аддзелу па вулічных акцыях і кампаніях. На пытанне: "Як зразумеў, што "МФ" – гэта тваё? ", Артур узгадвае 2001 год: – Калі я прыйшоў, як і тысячы іншых людзей, на Кастрычніцкую плошчу пасля выбараў і пабачыў паразу, то зразумеў: старая апазіцыя да перамогі не здольная. Мяне ўключылі ў склад Управы, і я стаў займацца працай з рэгіёнамі, пасля ўжо стаў каардынаваць аддзел па масавых акцыях і арганізацыйных кампаніях. А з 2003 па 2006 год Артур працаваў на сталічным Чэрвеньскім кірмашы, гандлюючы кавай і гарбатай. Напрыканцы 2005 году пад ціскам КДБ ён разам з іншымі маладафронтаўцамі, якія зараблялі сабе на жыццё такім чынам, быў вымушаны прыпыніць працу. Але і цяпер яго радыя бачыць і сёння сотні гандляроў, прадпрымальнікаў. Турма і крымінальны пераслед Першы раз Артур Фінкевіч патрапіў на суткі ў 2003 годзе – як толькі споўнілася 18 гадоў. Тады яго затрымалі за ўдзел у акцыі 14 лютага "Дзень Святога Валянціна" і кінулі ў вядомую Акрэсцінскую турму. Але гэта не спалохала маладога актывіста. Артур прымаў удзел і часам сам арганізоўваў шматлікія кампаніі па тэрыторыі краіны: "Беларусь у Еўропу! ", "Горад Наш", "Не ілжывым рэферэндумам", за якія атрымліваў чарговыя суткі ад беларускіх уладаў. А напярэдадні выбараў прэзідэнта ў 2006 годзе быў затрыманы падчас нанясення графіці "Мы хочам новага! " і ўкратаваны ў СІЗА №1 па вуліцы Валадарскага. Супраць Фінкевіча ўзбудзлі крымінальную справу па факце нанясенняў надпісаў на жылыя і адміністрацыйныя дамы, плыты, прыпынкі. Яму пагражала ад 7 да 10 гадоў зняволення. Але суд прыняў да ўвагі толькі тыя графіці, на месцах якіх Артур і быў затрыманы, таму прызначыў два гады папраўчых работ так званай "хіміі". З таго часу сачыць за жыццём Артура больш сур’ёзна ўзяліся структуры спецслужбаў, якія кантралявалі ўсё, што звязана з ім. Напрыканцы 2007 году ўзбуджаная новая крымінальная справа па факце парушэння правілаў адбыцця пакарання. Суд, які адбыўся напрыканцы 2007 году, вынес Артуру Фінкевічу 1,5 гады зняволення. Але ўжо ў лютым 2008 году палітвязень быў на свабодзе, што сталася вынікам доўгіх перамоваў беларускай улады з кіраўніцтвам ЗША. З гэтага часу Артур Фінкевіч яшчэ больш умацаваўся ў веры ў перамогу – духоўна і маральна. Яго імя некалькі разоў называў міністр унутраных спраў Уладзімір Навумаў, добра ведаюць Артура і іншыя прадстаўнікі дзя-ржаўных структур. Ведаюць, бо вымушаны далей змагацца з ім і тымі, хто стаіць і стане ў бліжэйшай перспектыве разам у адзіны фронт. За час свайго турэмнага зняволення Артура падтрымлівалі не толькі сябры "Маладога Фронту", але і актывісты з іншых дэмакратычна-арыентаваных арганізацый, партый, незалежных прафсаюзаў, пісьменнікі, А.Мілінкевіч, праваабарончыя арганізацыі. Словы падтрымкі і асуджэнне беларускага рэжыму гучалі з высокіх трыбун ЕС і ЗША. Штомесяц праходзілі акцыі салідарнасці як у Беларусі, так і з дапамогай беларускіх дыяспар, далёка за межамі нашай краіны. З турэмнага жыцця яму больш запамяталася тамтэйшая атмасфера: – Уразіла, што за два гады пакарання я не сустрэў аніводнага чалавека, які б падтрымліваў дзеючага кіраўніка дзяржавы. Яшчэ запомнілася перапоўненасць нашых следчых ізалятараў (СІЗА), здаралася, што нават падследчыя людзі спалі на па-длозе. Цікава, навошта трымаць ча-лавека ў СІЗА, калі яго віна яшчэ не даказаная і калі для яго няма месца, прасцей бы было выпусціць чалавека пад падпіску аб нявыяздзе, чым так катаваць. Пра асабістае жыццё – Мне зараз 23. Калі я пачну сур’ёзна сустракацца з дзяўчынай, дык гэта дарога ў ЗАГС. А ў мяне зараз шмат часу сыходзіць на палітыку. Свой кожны дзень Артур пачынае з вялікага кубку кавы і тэлефанавання супрацоўнікам прэс-службы "Маладога Фронту", – каб даведацца пэўную інфармацыі і даць неабходныя парады. Штомесяц да Артура прыходзяць разнастайныя запрашэнні да ўдзелу ў міжнародных канферэнцыях і круглых сталах. Самыя важныя з іх у апошні час не абыходзяцца без удзелу прадстаўнікоў "МФ. Тры правакацыйныя пытанні – Ці праўда, што "Малады Фронт" па ініцыятыве Змітра Дашкевіча (кіраўніка арганізацыі) неафіцыйна прыняў да дзейнасці канцэпцыю папулярызацыі "рэлігійнай дыктатуры" замест прынцыпаў прыярытэту нацыянальнай дзяржавы, свабоды, дэмакратыі? – Гэта толькі чуткі і абсалютная няпраўда. У нас у арганізацыі мір і супакой, віруе толькі праца. Рэлігійнасць у нашых шэрагах ніхто не навязвае і за руку ў царкву не вядзе. – Чаму месяц таму з Управы "Маладога Фронту" – кіруючага органу арганізацыі сышлі даволі значныя актывісты – Хведарук, Сяргееў, Янушэўскі і некаторыя іншыя асобы? – Іх ніхто не выключаў, гэта іх рашэнне. Галоўнае, яны застаюцца ў структуры арганізацыі і працягваюць нешта рабіць. Калі некаторыя асобы ня здольныя спраўляцца з абавязкамі, навошта ім адказныя пасады?.. – Большая частка апазіцыі рыхтуецца да ўдзелу ў кампаніі па выбарах дэпутатаў Палаты прадстаўнікоў. Вашая арганізацыя – адна з нешматлікіх, якія заявілі пра байкот выбараў. Чаму? – Таму што выбары можна назваць ужо зараз недэмакратычнымі, пра гэта могуць засведчыць абсалютна ўсе ўдзельнікі грамадскага жыцця. Дзеючы рэжым у дадзенай сітуацыі не толькі не ідзе на лібералізацыю і перамовы з прадстаўнікамі дэмакратычнага руху, а ўсё больш закручвае гайкі. Выбары самі па сабе мусяць быць дыялогам улады з грамадствам. Зараз ён немагчымы. Сэнсу прымаць удзел у гэтых выбарах я не бачу, апроч таго, па дадзеных НІСЭПД за сакавік 2008 году, 52 адсотка апытаных лічаць, што выбары ў РБ фальсіфікуюцца. А траціна выбаршчыкаў, як у любой дэмакратычнай краіне, увогуле не ходзіць на галасаванне. Калі мы здолеем правесці ўдалую кампанію байкоту, то аб’яднаем гэтую траціну і дэмакратычна настроены электарат. 18.07.2008
Якія замежныя адукацыйныя праграмы даступны беларускім студэнтам?
У свеце іх сёння сотні: для студэнтаў, навучэнцаў і выпускнікоў ВНУ – як па абмену, так і атрыманні бакалаўрскіх ды магістарскіх ступеняў. Адна з вядучых праграм – магістратура пры Савеце Еўропы. Штогод да верасня ўсе ахвотныя падаюць заяўкі па электронаму адрасу арганізатараў. Пасля ў Мінску неабходна будзе здаць у адпаведным прадстаўніцтве іспыт на веданне англійскай мовы. Далей экспертная камісія мусіць абраць удзельнікаў і паведаміць да пачатку снежня вынікі конкурсу. Тым, хто трапіць на праграму, забяспечваецца стыпендыя цягам двух гадоў памерам 44 тысячы эўра. Ужо ў студзені, як правіла, распачынаецца першы семестр на магістратуры. Шэсць месяцаў ён ладзіцца ў гарадах Даніі, потым 6 месяцаў у Амстэрдаме, пасля год у Германіі. Пры жаданні, для ўдзельнікаў праграмы ёсць магчымасць застацца на гадавую практыку па адукацыі ў адным з гарадоў Германіі альбо ў сталіцы Вялікабрытаніі – Лондане. Профіль магістарскай праграмы — гуманітарны, найбольш папуляныя спецыялізацыі — журналістыка, паліталогія і міжнародная эканоміка. За кошт сваёй стыпендыі ўдзельнікі аплочваюць харчаванне, арэнду пакоя ў інтэрнаце, дарожныя выдаткі. Данія, якая з'яўляецца найбольш сацыяльна арыентаванай краінай, прадстаўляе ўдзельнікам праграмы бясплатны інтэрнэт і карыстанне энцыклапедыямі і архівамі. Штогод праграма злучае да 30 чалавек. У асноўным гэта студэнты або ўжо выпускнікі ВНУ з Украіны, Беларусі, Кітая і г.д. Падобная ж праграма існуе ў ЗША. Яна носіць імя знакамітага сенатара Э.Маскі. Умовы для ўдзелу ў ёй — веданне англійскай мовы, заканчэнне ВНУ альбо навучанне на апошнім курсе. Праграма дае магістарскую ступень вышэйшай адукацыі і разлічаная на адзін год. Менавіта столькі часу ўдзельнікаў праграмы знаёмяць з дэмакратыяй па-амерыканску, ладзяць экскурсію па ўсім штатам, Беламу дому і акрамя ўсяго вучаць працаваць у камандзе, праяўляць сябе разнабакова. Сэнс праграмы не ў тым, каб пасля яе удзельнікі заставаліся ў ЗША, а ў тым, каб з новымі ведамі яны вярталіся на сваю Радзіму і ўжо там карысталіся сваімі здольнасцямі ў існуючых умовах. Аналагічная праграма для выпускнікоў ВНУ існуе і ў Канадзе, але яна разлічана на тое, каб самыя лепшыя спецыялісты з былога СССР, Азіі, Еўропы заставаліся менавіта ў гэтай краіне. У свеце добра вядомыя ўніверсітэты Чэхіі. Штогод з Беларусі сюды едуць атрымліваць адукацыю дзесяткі чалавек. Найбольш выбітным і папулярным лічыцца Карлаўскі ўніверсітэт у Празе. Адукацыя тут платная і на год абыходзіцца ў 2500-3000 эўра. Некаторыя ўніверсітэты прымаюць праз вялікі конкурс нашых суайчыннікаў і на бясплатныя праграмы. Усё залежыць ад узроўню акрэдытацыі ВНУ і стаўлення да іншаземцаў. Чэхі з радасцю прымаюць студэнтаў з Беларусі, адлічаных па палітычных матывах – яны лічаць такіх найбольш арыентаванымі на дэмакратычныя каштоўнасці ды еўрапейскую інтэграцыю. Для такіх асоб ладзіцца пачатковы нулявы курс ва ўніверсітэце, дзе вывучаецца чэшская мова, а ўжо пасля яны трапляюць на роўныя ўмовы з іншымі студэнтамі. Акрамя таго, для беларускіх студэнтаў, пацярпелых за сваю дзейнасць на Радзіме, прадугледжваецца штомесячная стыпендыя. Як альтэрнатыва айчынным ВНУ, у Вільне для беларусаў адкрыты Еўрапейскі Гуманітарны універсітэт. Яшчэ не так даўно ён працаваў у Мінску, і ні ў каго не магло ўзнікнуць думак пра яго раптоўнае закрыццё ўладамі. ЕГУ далучыўся да знакамітага Балонскага працэсу, на што ўлады адказалі ліквідацыяй установы. Цяпер студэнты навучаюцца ў суседняй літоўскай сталіцы. Штогод ЕГУ, паводле афіцыйнай інфармацыі, атрымлівае на сваё развіццё больш аднаго мільёну далляраў дапамогі з крыніц ЕС. Гэтага хапае, каб знізіць кошты навучання, ажыццяўляць стыпендыальную падтрымку лепшых студэнтаў, а таксама забяспечваць адміністрацыйныя патрэбы. Сёння інфармацыя пра беларуска-літоўскі ўніверсітэт даволі масштабна распаўсюджваецца па ўсіх крыніцах студэнцага жыцця. У выніку – сотні беларусаў штогод прыязджаюць у Вільню з дакументамі на паступленне, а некаторыя студэнты беларускіх ВНУ імкнуцца паралельна тут атрымліваць другую адукацыю. Кошт дзённага навучання на год – 1 000 далляраў, на завочна-дыстанцыйнай складае 600 далляраў. Універсітэт дапамагае ў афармленні візы і пражыванні падчас сесій. Спецыялізацыі – журналістыка, паліталогія, мовазнаўства, філасофія, турызм, юрыспрудэнцыя, міжнародныя адносіны, культуралогія. Паступленне адбываецца паводле напісання эсэ на профільную тэму на беларускай, рускай альбо англійскай мове. Пасля ў адным з моўных цэнтраў у Мінску ладзіцца іспыт па замежнай мове. Сертыфікат з адзнакай перадаецца ў ЕГУ і трапляе на разгляд камісіі. Як паказвае практыка, залічваецца амаль 85 працэнтаў прэтэндэнтаў на паступленне. У ЕГУ перавага аддаецца не паступленню, а здольнасцям да вучобы. У Польшчы для беларусаў (на ўмовах для іншаземцаў) дзейнічаюць больш пяці студэнцкіх праграм. Для паступлення патрэбна мінімальнае веданне польскай мовы. У Польшчы, як і ў большасці заходніх краін, завочная адукацыя развітая кепска, таму канкурсантаў у асноўным чакае дзённая форма адукацыі. А вось магістарскія праграмы па часе не расцягнутыя, на авалоданне імі не патрабуецца шмат часу. Пасля масавага пераследу беларускіх студэнтаў падчас прэзідэнцкіх выбараў 2006 года, урад Польшчы ініцыіраваў спецыяльную праграму імя Кастуся Каліноўскага. Рэкамендацыяй да вучобы па гэтай праграме займаецца праваабарончая арганізацыя "Камітэт рэпрэсаваных" пад кіраўніцтвам Іны Кулей. Згодна ўмовы праграмы, пацярпелых студэнтаў у ліпені накіроўваюць у Варшаву дзеля адаптацыі і вывучэння польскай мовы, а затым, з 1 кастрычніка размяркоўваюць па пэўных спецыяльнасцях у розных ВНУ краіны. Штомесяц "каліноўцам" выплочваецца стыпендыя памерам у 480 далляраў. Сёння па гэтай праграме вучыцца каля 300 чалавек. Ахвяраў палітычнай сістэмы Беларусі штогод на навучанне набірае і Эстонія. У 2006 годзе такі набор склаў 10 чалавек, у 2007 – 7. Асноўнымі ўмовамі для ўдзелу ў праграме лічацца добрае веданне англійскай мовы і пісьмовыя рэкамендацыі ад вядомых асобаў дэмакратычнага руху Беларусі. Універсітэцкае навучанне тут вядзецца на трох мовах – эстонскай, рускай і англійскай. Згодна умоваў праграмы, беларусам штомесяц выплочваецца стыпендыя больш за 500 Эўра і бясплатна прадстаўляецца месца ў студэнцкім інтэрнаце. Сумесна з беларускай дыяспарай тут ладзяцца дні беларускай культуры і праводзяцца сустрэчы з эстонскімі дзеячамі культуры, палітыкі і г.д. Для пераможцаў разнастайных алімпіядаў і выдатнікаў з веданнем англійскай мовы дзейнічаюць ільготы падчас паступлення ва ўніверсітэты большасці заходніх краін. Самымі даступнымі для нашых грамадзянаў з'яўляюцца ВНУ Швейцарыі, Нарвегіі, Германіі, Італіі, Славакіі. Для тых, хто паступіў, адукацыя бескаштоўная, да таго ж многія ўніверсітэты выплочваюць ў прыдатак пэўную стыпендыю. Па некаторым заходнееўрапейскім праграмам ёсць магчымасць атрымання і сярэднеспецыяльнай адукацыі. Каледжы Італіі і Нарвегіі штогод ладзяць конкурсныя адборы для беларусаў. Умовы для ўдзелу – веданне англійскай мовы, узрост да 25 гадоў, ініцыятыўнасць і актыўная грамадская дзейнасць ў Беларусі. Апошняе выяўляецца падчас сумоўя і моўнага іспыту. Яшчэ неабходна напісаць эсэ на профільную тэму. Конкурс звычайна праходзяць да 70 працэнтаў абітурыентаў. Спецыялізацыя навучання — гуманітарная і тэхнічная. Навучэнцы каледжаў забяспечваюцца высокай стыпендыяй, практыкай і магчымасцю з рэкамендацыяй каледжу паступаць у профільную ВНУ іх краіны. Расія прымае беларускіх абітурыентаў у свае ВНУ на агульных умовах згодна заканадаўству РФ, спецыялізаваных праграм для нашых грамадзян тут не існуе. Паводле афіцыйнай інфармацыі, у Расіі зараз вучыцца каля 10 000 тысяч беларусаў. Украіна таксама разглядае беларускіх абітурыентаў як іншаземцаў, і для іх не існуе ніякіх ільготаў. Але, нягледзячы на ўсе выпрабаванні, вышэйшую адукацыю тут атрымліваюць як і ў Расіі, тысячы беларусаў (дакладнай лічбы не вядома). З 2006 года ва Ўкраіне распачалася праграма для студэнтаў з нашай краіны, адлічаных па палітычных матывах. Праграма арганізавана аб'яднаннем Савета Паўночных краін (Данія, Нарвегія, Швецыя) і сталася самай найлепшай па ўмовах навучання. Каардынацыю навучання вядзе Нарвежская амбасада ў Кіеве. Яе супрацоўнікі прымаюць і разглядаюць прэтэндэнтаў на стыпендыальную падтрымку. У выніку адабрэння заяўкі, прэтэндэнт мусіць самастойна паступіць у любы ўкраінскі ВНУ на агульных умовах. Але па факце яго паступлення праграма Паўночных краін абавязуецца аплочваць выдаткі на атрыманне адукацыі памерам да 1500 эўра ў год, – як на дзённым, так і завочным аддзяленні, ў тым ліку і на магістратуры. Незалежна ад формы навучання, студэнт атрымлівае раз у 3 месяцы стыпендыю памерам у 600 Эўра. Падтрымкай праграмы навучання Паўночных краін на сённяшні дзень скарысталіся ўжо каля 40 чалавек. Але ў гэтым годзе прыпынены новы набор на праграму. Па словах дырэктара Савета Паўночных краін Пьера Ларсана, праграма будзе працягнутая ў выпадку новых масавых рэпрэсій з боку ўлады ў дачыненні да студэнтаў Беларусі. Вялікабрытанія мае для беларусаў тры адукацыйныя праграмы, разлічаныя на атрыманне рознаступеневай адукацыі. Гэтая краіна штогод запрашае беларускіх студэнтаў падчас летніх вакацый на стажыроўкі і падпрацоўкі па розных спецыялізацыях. На тэрыторыі Каралеўства Вялікабрытаніі, у прыватнасці Шатландыі, штогод адпачываюць бясплатна каля трох тысяч дзяцей з забруджаных тэрыторый Чарнобыльскай АЭС. Але нягледзячы на такую гасціннасць гэтая краіна, у асобе памежных службаў і паліцыі, мае да нашых грамадзян самыя недаверлівае стаўленне. Вядомыя шматлікія выпадкі, калі памежныя службы без тлумачэнняў разварочвалі ў аэрапортах беларускіх турыстаў, анулюючы візы і страхоўкі. Занепакоенасць у памежнікаў вызываюць тыя асобы, якія, на іх думку, могуць застацца ў краіне. Таму тут варта быць больш пільным і прадугледжваць падобныя сітуацыі з размовамі ў аэрапортах. Таксама ёсць інфармацыя па адукацыі ў Германіі, але спецыялізаваных праграм выключна для беларусаў не існуе. Даволі цяжка атрымаць студэнцкую і пасля працоўную візу ў Германіі і вучыцца на платнай аснове – на месяц неабходныя мінімум 800 эўра. Дзе ж часцей за ўсё ўладкоўваюцца беларусы пасля атрымання замежнай вышэйшай адукацыі? У большасці выпадкаў гэта тая краіна, дзе і быў атрыманы дыплом. Найбольш паспяховым месцам працы (соцпакет, гарантыі, найбольшы заробак, міграцыйная палітыка, дазвол на працоўную візу) лічыцца Лондан (нягледзячы на ўсе казусы, якія могуць здарыцца), Ірландыя (Дублін), Германія, Швецыя, Францыя, Чэхія (Прага), Расія (Масква), Украіна (Кіеў). Акрамя выгодных умоў для працы, беларусам тут наймальнікі радыя заўсёды. Алег Корбан 18.07.2008 |