№ 6, чэрвень
|
Менск атакавала гарнастаевая моль
Эколягі папярэджваюць пра незвычайную колькасьць шкоднай тлі. Учора ў 20.40, калі ўся наша сям’я была ў зборы, неспадзявана загучаў званок над дзьвярыма. За парогам стаялі дзьве жанчыны ў белых халатах. Першае ўражаньне, што мэдыкі памыліліся адрасам. Але ня так. Яны загаварылі пра небясьпечную экалёгію ў нашым новым сталічным мікрараёне Лошыца. Даводзілі, што зь Менскага камвольнага камбінату, які знаходзіцца на вуліцы Маякоўскага, разьлятаюцца хмары молі. – Хіба вы яшчэ не заўважылі іх у сваёй кватэры? – запытвала цётачка, зазіраючы ў вочы мужу і дзіцяці, якія падышлі на наш гоман. – Моль лётае! – канстатаваў наш гаспадар. Дачушка таксама заківала галавой. Яна сапраўды пішчыць ад страху, калі я ці муж ганяемся за туманнага выгляду мізэрным і надакучлівым матыльком. Ад пляску далонямі ён распаўзаецца агіднай плямай. Іншы раз брыдка нават мыць рукі. – То ці набываеце ў нас антымоль? – запыталі госьці. Адна зь іх зашчабятала пра грызуноў і тараканаў. Маўляў, усе сродкі пры сабе і каштуюць зусім ня дорага. Муж расплаціўся грашыма. Цётачкі ў туфлях на каблуках зацокалі імі па прыступках лесьвіцы на паверх вышэй. Мы ж разглядалі пляскатыя, нібыта жвачка, таблеткі ад молі і плястыкавыя фляконы з атрутай для тараканаў. Спахапіліся, што не запыталі, куды зьвяртацца, калі не будзе эфэкту ад гэтых ядаў на хатніх лётаючых і поўзаючых падсяленцаў. Пасьля разважаньняў муж канстатаваў: – Махляры яны, бо сродкі пратэрмінаваныя. Нагрэлі нас на чацьвяртак. Лепш бы ты пацікавілася ў спэцыялістаў, чаму сапраўды павялічваецца колькасьць молі? Паведамляю для ўсіх: Менск патрапіў пад акупацыю ня толькі молі, але і тлі. Вядучы навуковы супрацоўнік Нацыянальнай акадэміі навук Аляксандр Сярожкін патлумачыў, што пасьля цёплай зімы ў Менску павялічылася колькасьць гарнастаевай молі. Са словаў спэцыяліста, моль не ўяўляе пагрозу для чалавека, яна корміцца лісьцем. Калі дрэва знаходзіцца непадалёку ад адкрытай у кватэры форткі, то моль перабіраецца і ў кватэру. На нэгатыўныя вынікі цёплай зімы скардзіцца і аграном УП "Мінскзелянбуд" Святлана Аляксандрава. – Дрэвы атакуе тля, – гаворыць аграном. – Найбольш ад іх церпяць клёны. Каб спыніць размнажэньне насякомых, даводзіцца працаваць нават ноччу. Апырскваем кроны спэцыяльнымі растворамі. Яшчэ адна бяда для дрэваў у Менску – хвароба цытаспароз. Гэта вынікі таго, што ўздоўж гарадзкіх магістраляў – праспэкт Незалежнасьці, вуліцы Якуба Коласа, Маякоўскага і іншых карані дрэваў не разьвіваюцца ў аблозе хіміі, якая назапашваецца пасьля кожнай антылёдавай апрацоўкі асфальту. – Каштаны, ліпы, клёны і іншыя дрэвы хварэюць ва ўсім Менску, – кажа аграном Сьвятлана Аляксандрава, – калі тэрмінова не лячыць дрэвы, то сытуацыя можна выліцца ў катастрафічную. Днём у чэрвені ў Менску працягваецца абрэзка дрэваў, а ноччу праводзіцца хімічная апрацоўка. Працягваецца пэрманэнтная акцыя дапамогі так званаму зялёнаму сябру сталіцы. Галіна Баравая 27.06.2008
Раскапалі ўсе пахаваньні 1915-га
Марадэры шукаюць зброю, узнагароды, гадзіньнікі й іншыя рэчы ахвяраў Першай усясьветнай вайны. –У Беларусь вярнуліся марадэры! – заяўляе навуковы супрацоўнік Інстытуту гісторыі Нацыянальнай акадэміі навук Міхаіл Чарняўскі. – Сёлета зноў раскапалі вайсковыя пахаваньні ў Баранавіцкім і Смаргонскім раёнах. Пра ранейшае барбарства ў Дзяржынскім, Стаўбцоўскім, Мядзельскім і Вілейскім раёнах я склаў запіску і прадставіў здымкі ў праваахоўныя органы. Не атрымаў афіцыйнага адказу на свой зварот археоляг Чарняўскі. Затое за мінулы час "чорныя капальнікі" разбурылі яшчэ прыкладна 15 пахаваньняў. Так, на вялікіх нямецка-рускіх могілках ля вёскі Слайкаўшчына Валожынскага раёну зь зямлі на паверхню вывернутыя косьці. Побач зьяўляюцца новыя раскопы. 18 чэрвеня ў Менску загадчыца сэктара ў ахове гісторыка-культурнай спадчыны і рэстаўрацыі Міністэрства культуры Беларусі Натальля Хвір паведаміла журналістам, што выкрытыя факты барбарскай працы на ваенных могілках у раёне Старавіленскага тракту. Уласьнік гэтага аб’екту Менгарвыканкам. Са словаў спадарыні Хвір, чыноўнікі парушылі заканадаўства: дазволілі будаўнічую працу без папярэдніх раскопак, якія абавязаны быў зрабіць 52-гі асобны пошукавы батальён Мінабароны. – Бульдозэры і экскаватары зруйнавалі магілы, – паведаміла Натальля Хвір, – спыніць іх удалося дзякуючы ўмяшаньню грамадзкасьці: гісторыкаў, краязнаўцаў і журналістаў. 90 гадоў таму Беларусь была заходняй ваколіцай Расеі. Вайна сюды прыйшла ў 1915 і спынілася на два гады. Пад лінію фронту патрапілі цяперашняя Віцебская, Гарадзенская, Менская і Берасьцейская вобласьці. У вайне гінулі салдаты трох дзяржаваў: Расеі, Нямеччыны, Аўстра-Венгрыі. Ахвяраў было сотні тысяч. На сёньня маюцца зьвесткі пра 53 масавыя пахаваньні расейцаў. Яшчэ 90 абазначаныя як нямецкія і аўстрыйскія. Зьмешаных пахаваньняў – больш за 30. І яшчэ на 30 ня вызначана – чые менавіта тут салдаты пахаваныя. – СССР вінаваты, што не ўвекавечана памяць пра забітых. На дзяржаўным узроўні замоўчвалася, што на могілках будавалі дарогі, пашыралі гарады, аралі калгасныя трактары, – гаворыць Міхаіл Чарняўскі. Журналіст Уладзімер Багданаў, які аб’езьдзіў і абышоў усю Беларусі і падрыхтаваў фотавыставу "Празь 90 гадоў і лінію фронту" заяўляе: – Практычна ўсе закінутыя могілкі Першай усясьветнай вайны раскапаныя! Дасьледчык Уладзімер Багданаў спадзяецца, што праблема абароны пахаваньнях ад бяспамяцтва і "чорных капальнікаў" будзе вырашацца. Урэшце, ёсьць прыклад Нямеччыны. Гэта краіна фінансуе Народны саюз па догляду за вайсковымі могілкамі. У Беларусі ён аднавіў і добраўпарадкаваў пахаваньні 1915-га ля вёскі Кісялі Баранавіцкага раёну, ля Ружанаў на Берасьцейшчыне, у вёсцы Буйкі Мядзельскага раёну, Нідзяны і Тартак на Гарадзеншчыне. Галіна Баравая 20.06. 2008
По делу "МультКлуба" виновных не установлено
В прокуратуре Минска пообещали вернуть журналистам всю оргтехнику, изъятую во время обысков 27 марта. Ровно через неделю. В беседе с корреспондентом Bulletinonline.org следователь по важнейшим делам прокуратуры Минска В.Шабан, который ведёт уголовное дело "МультКлуба", сообщил, что в течение следующей недели оно будет закрыто. К тому же младший советник юстиции сочувственно отметил, что он "лично отдал бы все системные блоки прямо сейчас, если бы только они поместились у меня в кабинете, т.к. виновных в этом деле нет". Фёдор Агафьев 11.06.2008
Прадстаўнік АБСЕ не падзяляе ідэю байкоту
Кіраўнік Мінскага офіса АБСЕ Ханс-Йохан Шмідт упершыню адказаў на некаторыя пытанні, якія тычацца выбараў у Палату прадстаўнікоў. – Спадар Шмідт, ці Ваш офіс будзе назіраць за тым, як праходзяць выбары ў Беларусі? – Арганізацыя па бяспецы і супрацоўніцтву ў Еўропе, у тым ліку наш офіс, будзе цікавіцца тым, як праходзіць рэгістрацыя кандыдатаў, які ў іх доступ да сродкаў масавай інфармацыі, якія ў іх магчымасці для агітацыі і гэтак далей. Мы спадзяемся, што прадстаўнікоў БДІПЧ у Беларусі сустрэнуць станоўча (БДІПЧ – Бюро па дэмакратычных інстытутах і правах чалавека, структура АБСЕ, якая займаецца міжнародным назіраннем на выбарах – кар). – Некаторыя з палітычных партый і палітыкаў Беларусі аб’явілі, што адмаўляюцца ад удзелу ў выбарах, таму што выбары не будуць справядлівымі. Якое Вашае меркаванне аб такой пазіцыі? – Удзельнічаць у беларускіх выбарах ці не – гэта справа беларускіх партый і палітыкаў. Увогуле, на маю думку, для палітычных партый у любой краіне ў выбарах лепш удзельнічаць – такі падыход больш прагматычны. Гісторыя паказвае, што байкот можа прынесці даволі адмоўныя наступствы. У Германіі мне даводзілася мець гутаркі з людзьмі, якія памятаюць 1932-33 гады. Той байкот атрымаўся на карысць нацыстаў. – Дэмакратычныя партыі абвесцілі, што яны ў кожнай выбарчай акрузе вылучаць толькі па адным кандыдаце, які будзе канкурыраваць з афіцыйным кандыдатам ад уладаў. Атрымліваецца, выбаршчыкі не змогуць выбіраць паміж рознымі ідэямі – напрыклад, паміж БНФ і камуністамі. На Вашую думку, ці правільнае такое рашэнне? – Канешне, лепш, калі выбаршчыкі маюць альтэрнатыву ў выбары паміж прадстаўнікамі розных партый. Аднак у кожнай краіне свая канкрэтная сітуацыя. Калі ў Беларусі партыі вырашылі падзяліць паміж сабой акругі – значыць, у цяперашняй беларускай сітуацыі гэта найбольш аптымальнае рашэнне. Тэльман Маслюкоў 04.06.2008 |