№ 7, ліпень
|
Уводзіцца абавязковая сэртыфікацыя флікераў
Міліцыянты могуць прымусіць грамадзян усталяваць на роварах актыўныя сьветлавыя элемэнты ды насіць спэцыяльныя сьвятлазварачальныя камізэлькі. Зноў трагедыя на аўтатрасе Мікашэвічы-Менск, якая набыла нядобрую вядомасьць пасьля таго, як супрацоўнікі ДАІ выставілі заслону з жывых людзей на шляху п'янага кіроўцы. Начальнік аддзелу агітацыі і прапаганды ўпраўленьня Менскага аблвыканкаму Алег Цюрын паведаміў, што загінула жанчына, якая ехала на ровары ноччу. На яе наляцеў легкавы аўтамабіль. Алег Цюрын удакладняе таксама, што сёлета на дарогах Меншчыны адбылося 38 дарожна-транспартных здарэньняў з удзелам людзей на роварах. 8 чалавек загінулі. Яшчэ 32 атрымалі траўмы. У 20 ДТЗ вінаватымі прызнаныя самі ўладальнікі двухколавых. Уражлівы факт: практычна на ўсіх роварах ахвяраў былі адлюстроўваючыя сьвятло элемэнты. Самі гаспадары мелі прышытыя на адзеньне, альбо замацаваныя на шнурку флікеры. Цяпер міліцыянты заводзяць гутарку, што ў некаторых флікеры былі маленькіх памераў, у іншых – заляпаныя гразьзю, альбо павернутыя набок па ходу руху. З гэтага міліцыянты зрабілі выснову, што грамадзянам трэба пераходзіць на актыўныя сьветлавыя элемэнты: белыя фары і ліхтары – сьпераду і чырвоныя – ззаду. Таксама настойліва рэкамэндуюцца спэцыяльныя камізэлькі, якія адлюстроўваюць сьвятло. На думку Алега Цюрына, камізэлька жоўтага колеру нагадвае форму інспэктара ДАІ і ўжо гэта вымушае вадзіцеляў збавіць хуткасьць. Да таго ж, як кажа Адег Цюрын: "Нельга заляпаць гразьзю на вясковай дарозе ўсю камізэльку". Пра камізэльку і флікеры яшчэ адна навіна. З 1 верасьня ў Беларусі ўводзіцца іх абавязковая сэртыфікацыя. Дырэктар цэнтра выпрабаваньняў і сэртыфікацыі Дзяржстандарту Беларусі Вера Лаўровіч пераконвае, што цяпер флікеры прадаюць паўсюдна – у шапіках, на рынках, у крамах прыватнага і дзяржаўнага гандлю. – Пакупнік асабіста не можа вызначыць ці якасныя гэтыя рэчы, – кажа Вера Лаўровіч, – замест арыгіналаў людзям падсоўваюць падробкі. Але ўжо восеньню на паліцах застануцца толькі тыя флікеры, што вытрымалі сэртыфікацыю. Якім будзе кошт флікераў пасьля 1 верасьня дырэктар Лаўровіч не ўдакладніла. Яна толькі канстатавала, што набыць флікер нават пасьля яго падаражаньня "будзе таней, чым заплаціць штраф за яго адсутнасьць". Адкрыем Правілы дарожнага руху. Чорным па беламу напісана, што абавязковае нашэньне флікеру неабходна толькі пры руху на трасе за горадам. І ў гэтых жа правілах ёсьць агаворка, што калі пешаход ідзе насустрач аўтамабілю, то флікер не патрэбны. Акрамя таго, патрабаваньне да наяўнасьці флікера мае характар рэкамэндацыі. – Дзе нельга хадзіць без флікера ў Менску?, – цікаўлюся ў міліцыянта, які выпісвае штрафы на пераходзе праспэкта Незалежнасьці. – Пешаходам увогуле нельга выходзіць на дарогу без флікера! І не важна, у горадзе вы ці на трасе. Магу аштрафаваць за гэта на 15 000 рублёў. Каб абараніць вернікаў са свайго прыходу ад штрафаў, сьвятар царквы ў вёсцы Вістычы ля Берасьця айцец Мікалай набыў і раздаў людзям флікеры ў выглядзе павязак на рукавы верхняга адзеньня. – Вельмі задаволеныя бабулькі, – кажа поп, – яны ж неабароненыя нібыта дзеці... Былы міністар МУС Беларусі Мечыслаў Грыб гарачы прыхільнікі ўзмацненьня бясьпекі на дарогах Беларусі. Але не мэтадамі агульных штрафаў і папулізму. У прыватнасьці, генэрал нагадвае колькі летась трэску было аб праграме "Мінус 100". А вынікі яе правальныя. Тое ж паўтараецца і цяпер. Пашукаем адказ і ў эканоміцы. Паводле вядучага спэцыяліста "Беллегпрама" Ларысы Няфёдава, па прапанове МУС падкарэктаваны стандарт: на швейных фабрыках ленты-адбіткі сьвятла цяпер нашываць так жа, як і на спэцвопратку. – Лента мусіць быць нашытая на рукавы, унізе курткі, па сьпіне і баках, – удакладняе тэхноляг Няфёдава і дадае, што ў такім разе адзеньне, якія шыюць беларускія прадпрыемствы, даражэе прыкладна на 30 тысяч рублёў. Галіна Баравая 24.07.2008
З дзіцячых садкоў зьбягаюць выхавацелі
Прычына: мізэрныя заробкі і пазбаўленьне сёлета 56-дзённага адпачынку. Ірына Віктараўна Мулярчык – выхавацелька, з якой вельмі сябравала мая маленькая дачка Каміла, кінула нядаўна працу ў дзіцячым садку ў Лошыцы. Выпадкова мы напаткалі былую выхавацельку ў рэстарацыі Макдональдс. Маладая жанчына стаіць за касавым апаратам, прымае заказы ад наведнікаў. Пра яе цяперашні заробак я не запытвала. А ў садку, як ведаю, яна атрымлівала ўсяго 350 тысяч рублёў. Так мізэрна ўзнагароджваецца праца выхавацеля з вышэйшай адукацыяй, досьведам працы і катэгорыяй. Паведамляю пра прыватны выпадак у Міністэрства адукацыі Беларусі, прашу начальніка галоўнага ўпраўленьня дашкольнай адукацыі Галіну Макаранкаву патлумачыць агульную сытуацыю. Суразмоўца паведамляе, што ў сыстэме дашкольнай адукацыі занятыя больш як 51 тысяча пэдагогаў. Як удакладняе, Галіна Макарэвіч, на сёньня ўтварылася больш як адна тысяча вакансіяў. У Менску – больш як 600. Чыноўніца міністэрства падкрэсьлівае, што кадравую праблему дзіцячых садкоў абцяжарыў маральны фактар. Пастанова Савета Міністраў №100 аб прадастаўленьні асноўнага водпуску працягласьцю больш 24 каляндарных дзён, не уключыла выхавацеляў у пералік спэцыялістаў, якія маюць права на 56-дзённы адпачынак. Паводле дадзеных Галіны Макаранкавай, выхавацелі зыходзяць "хто куды". Бальшыня – у гандаль, на рынкі, дзе заробкі больш высокія і гарантаваныя. Найбольш таленавітых запрашаюць у заможныя сем’і выхоўваць дзяцей. Грашовая стаўка – 3-5 даляраў за адну гадзіну. Таксама шмат выпадкаў, калі асноўным здабытчыкам зьяўляецца муж, а жонка прысьвячае сябе цалкам сям’і. У Дзяржынскім раёне, які бліжэй за іншых да сталіцы, не хапае больш як 20 выхавацеляў. Начальнік аддзела адукацыі тутэйшага райвыканкаму Вацлаў Матусевіч, хвалюецца, што, відавочна, давядзецца запаўняць вакансіі выпускнікам пэдвучэльняў. Гэта, як лічыць суразмоўца, зьнізіць плянку патрабаваньняў. Сыстэма, як кажуць, дасьць збой. Бацькі будуць забіраць дзяцей з такіх садкоў. У сваю чаргу гэта пацягне разьмежаваньне сярод устаноў дашкольнага выхаваньня. Спадзяваньні ў Вацлава Матусевіча на выпускнікоў бягучага года. Амаль 50 маладых людзей зь Дзяржынскага раёну атрымалі дыплёмы пэдагогаў, выхавацеляў, лагапедаў. Працаўладкоўвацца па месцы жыхарства бацькоў іх змушае кватэрная праблема ў Менску. Шукаюць выйсьце з пагоршанай сытуацыі і ў Міністэрстве адукацыі. Паведамляецца пра праект праграмы разьвіцьця дашкольных установаў. – Сумесна з міністэрствам працы і сацыяльнай абароны, міністэрствам аховы здароўя мы прапануем павялічыць рэсурснае забесьпячэньне. Акрамя таго, прапануем павялічыць заробак выхавацелям, а норму адпрацоўкі зьменшыць. Цяпер гэтыя прапановы знаходзяцца на разглядзе ва ўрадзе краіны, – абнадзейвае Галіна Макаранкава. Галіна Баравая 15.07.2008
У Беларусі разаграваюць ядзерны стэнд
Цяпер высьвятляецца, што яшчэ восем гадоў таму Нацыянальная акадэмія навук распачала будаваць атамную станцыю ў мініятуры. Сакрэтную раней інфармацыю ахвотна агучвае журналістам дырэктар РУП ДКБ (досьледна-канструктарскае бюро) "Акадэмічнае" Пётр Нагула. Ён кажа, што на закрытым дзяржаўным прадпрыемстве ў гарадзкім пасёлку Сосны ля Менску па загаду прэзыдэнта Лукашэнкі беларускія вучоныя-атамшчыкі пачалі ствараць мадэль будучай АЭС. – На сёньня практычна завершана рэалізацыя гэтага праекта, – запэўнівае Пётр Нагула. – Будучы пэрсанал АЭС менавіта тут зможа асвоіць усе неабходныя навыкі. Для гэтага на ядзерным стэндзе зманціраваны тыя ж схемы кіраваньня і абароны, якія ёсьць на сапраўднай станцыі. Пётр Нагула запэўнівае, што праца зробленая добрая. Па яго словах, калі б беларускіх атамшчыкаў давялося навучаць у замежжы, то гэта было б "нерацыянальна і неапраўдана": – Як сьведчыць практыка, назад спэцыялісты гэтай галіны не вяртаюцца, – гаворыць суразмоўца. – Беларусы – здольныя людзі і іх зманьваюць не толькі ў Расею, дзе прафэсійныя атамшчыкі атрымліваюць высокія заробкі і годную сацыяльную дапамогу. Пётр Нагула абараніў кандыдацкую дысэртацыю па спэцыяльнасьці "Ядзерныя энэргетычныя ўстаноўкі". Як знаўца, ён нагадвае што менавіта ў Беларусі напачатку 1980-х ўпершыню ў СССР была створаная перасоўная атамная электрастанцыя магутнасьцю 5 МВт. Яна базіравалася на некалькіх цягачах МАЗ. Гэты мабільны аўтакараван мог быць накіраваны ў любую кропку СССР і пачаць працу ў аўтаномных умовах. Выпрацоўваць электрычнасьць для ваенных і грамадзянскіх аб’ектаў. Перасоўную АЭС парэзалі на лом у 1991-м. Тады палічылі небясьпечным трымаць на зьнявечанай Чарнобылем тэрыторыі зброю і ўстаноўкі зь ядзернай начынкай. Зьмены ў той час зазнала і досьледная вытворчасьць Інстытуту ядзернай энэргетыкі АН Беларусі. 700 спэцыялістаў канструктарскага бюро і досьледнай вытворчасьці пераключыліся на распрацоўку тавараў якія былі патрэбныя насельніцтву і гаспадарцы краіны. На сёньня, як цьвердзіць дырэктар Пётр Нагула, вытворчыя магутнасьці задзейнічаны на 200 працэнтаў. І ўсё ж будаўніцтва АЭС ў Беларусі, як да таго вядзе справу Аляксандр Лукашэнка, – салодкі пірог для РУП "ДКБ "Акадэмічнае". Акрамя непасрэднай падрыхтоўкі спэцыялістаў для абслугі атамнай станцыі, ДКБ плянуе ажыцьцяўляць уваходны кантроль абсталяваньня для АЭС з-за мяжы. У лябараторыях ды аддзелах ДКБ актывізаваліся рацыяналізатары, якія прапагандуюць, што яны здольныя вырабіць пэўную частку нестандартнага абсталяваньня для АЭС, якое больш выгадным будзе вырабіць на месцы, чым імпартаваць з-за мяжы. Ці слушныя гэтыя прапановы?. Беларускі прафэсар Юры Хадыка пярэчыць і гаворыць, што на сёньня абсталяваньне ў РУП "ДКБ "Акадэмічнае" – зношанае, працуе на мяжы магчымага. Да прыкладу, адзіны ў Беларусі апарат аўтаматызаванай зваркі амэрыканскі "Лінкольн" налічвае ўжо 30 гадоў. Іншыя станкі, машыны, інструмэнты – яшчэ савецкай даўніны. – Ці варта зноў падводзіць Беларусь пад неапраўданую рызыку? – сумняваецца прафэсар Юры Хадыка. Галіна Баравая 11.07.2008
У салдат беларускага войска адбяруць малако?
Рост коштаў на харчы змушае ваеннае ведамства пераглядзець сыстэму харчаваньня салдат. У Беларусі скарачаецца колькасць салдацкіх сталовак. Пра гэта паведаміў намеснік міністра абароны па тылу генерал-маёр Аляксандр Балігатаў. Па яго словах, армія пераходзіць на новы прынцып арганізацыі харчавання. – Карміць салдат мусяць прафесійныя кухары, а не самавукі, – падкрэслівае ваенны і ўдакладняе, што палепшыць салдацкае харчаваньне даручана РУП "Гандлёва-вытворчае ўпраўленне пры Міністэрстве абароны Беларусі". У 60-м асобным палку сувязі, які дысьлякаваны ля Барысава, салдат ужо трэці месяц кормяць цывільныя. Намесьнік камандзіра палка па тылу падпалкоўнік Аляксандр Дапчынскі задаволены: – Сталоўка для нас была ў цяжар. Цяпер жа вайсковая частка эканоміць у расходах на ваду, цяпло, гаруча-змазачныя матэрыялы. Акрамя таго, няма неабходнасьці траціць фінансы на закуп тэхналягічнага абсталяваньня. Няма таксама патрэбы прызначаць нарад з салдат для працы на кухні. Нават чыстка бульбы перастала быць салдацкай справай. Са словаў падпалкоўніка Дапчынскага, сёньня харчаваньне аднаго салдата тэрміновай службы абыходзіцца прыкладна ў пяць тысяч рублёў у суткі. З кухарам Тамарай Колбік мы абмяркоўвалі гэтую суму. Я сказала, што грошы – мізэрныя. Суразмоўніца хаця пагадзілася з такім меркаваньнем, але заявіла, што "салдаты – не галодныя". – Мы нават гатуем катлеты, біточкі, галубцы, сьвіную пячонку, – пералічвае кухар Тамара, – усё ў межах вызначанай сумы. Таксама ў нас тут працуе аддзел кулінарыі. Пячом і прадаём смачныя булачкі. Я таксама бачыла, што салдаты раскупляюць булачкі. Многія ядуць булкі і запіваюць малаком. Радавы Іван Макей кажа, што родам з Клецкага раёну, ён пераконвае, што "ўзрос на малацэ, а ў войску малака яму не хапае". Мушу засмуціць Івана. Як нядаўна заявіла Мінабароны, у палявых умовах салдаты не атрымаюць малака ўвогуле. Яго заменіць сыр. Сутачная норма – 10 грамаў. Акрамя таго, выключаць з рацыёну і алей. Замест яго салдат атрымае сьвіны тлушч. У камэнтары да плянуемых зьменаў у харчаваньні салдатаў, Мінабароны тлумачыць, што яшчэ ў 2007 годзе ў Беларускім навукова-дасьледчым цэнтрам гігіены была праведзеная ацэнка фізыялягічнай патрэбы арганізму ваенаслужачых у пажыўных рэчывах і вітамінах. Вучоныя зрабілі высновы, што байцам нават у мірны час не хапае грэчкі і рысу, садавіны і гародніны. Недастаткова сыру, маянэзу, кетчупу. Не будзем, аднак, камэнтаваць тое, што пакуль не зроблена. Тым ня менш, зьвернем увагу, што ў расейскай арміі харчовы паёк салдата павялічаны менавіта сёлета. Харчаваньне, якое раней на 2/3 часткі складалася з хлеба, гародніны і крупаў, зрабілі меньш вегетарыянскім. Цяпер расейскі салдат атрымлівае 250 грамаў мяса замест ранейшых 200, малака – 150 мілілітраў замест 100. Сутачная норма пладова-ягадных сокаў павялічаная ў 4 разы. Цяпер кожнаму салдату належыць выпіць паўнавартасную гранёную шклянку – 200 мілілітраў. Па меркаваньню навуковага супрацоўнікам Інстытута харчаваньня Расейескай акадэміі мэдычных навук Аляксея Мартынчыка, павелічэньне нормы мяса ў спалучэньні зь яйкамі і малаком – гэта ўжо блізка да хатняга рацыёну. Галіна Баравая 08.07.2008
Царкоўны псалтыр стаў альтэрнатывай цэнтралізаванаму тэставаньню
Навучальныя ўстановы Беларускай праваслаўнай царквы ігнаруюць дзяржаўную сыстэму экзамэнаў для абітурыентаў. Менская духоўная сэмінарыя, якая ў 1989 годзе была нанава адчыненая ў Жыровічах, сёлета зноў набірае студэнтаў. Аб’яўлена пра 85 месцаў на дзённыя, завочныя і падрыхтоўчыя аддзяленьні . Уступныя экзамэны ў жніўні. Меркавалася, што сёлета ўпершыню будуць улічвацца вынікі цэнтралізаванага тэставаньня, але выкладчыцкая карпарацыя сьвятароў зноў адхіліла такія прапановы. Чаму? Рэктар Менскай духоўнай акадэміі і сэмінарыі дацэнт архімандрыт Леанід (Філь) пераконвае, што цэнтралізаванае тэставаньне ня ўлічвае чалавечы фактар, безь якога, аднак, нельга вызначыць, ці прыдатны малады чалавек да будучага сьвятарства. Як высьвятляецца, адбор сярод абітурыентаў пачынаецца яшчэ пры падачы дакумэнтаў. Перадусім кандыдату трэба прадставіць пісьмовую рэкамэндацыю сьвятара прыходу і блаславеньне правячага архірэя, а таксама пасьведчаньне аб хрышчэньні. З кожным, хто спрабуе паступіць, абавязкова гутарыць рэктар. Ён ня ўтойвае: за многіх абітурыентаў просяць бабулі, бацькі, іншыя вернікі. Яны спадзяюцца, што послух у сэмінарыі выправіць тыя заганы, якія малады чалавек прыдбаў у школе. Сапраўды, паводле выпрацаванага за мінулы час распарадку, пад’ём у сэмінарыі – у 7 раніцы. У 8 – ранішнія малітвы і сьняданак. Ад 9-й да 14.30 – заняткі. Пасьля абеду – выкананьне загадаў (послух): абіраць бульбу на кухні, падмятаць тэрыторыю, працаваць у цясьлярні, суправаджаць экскурсіі. Ад 17 да 18 – гадзіна для асабістых заняткаў. Наступнай у раскладзе – самападрыхтоўка ў чытальнай залі і аўдыторыях. Вечарам сэмінарысты зьбіраюцца ў храме на набажэнства. Адбой – у 23.00. Да раніцы сьвятло ва ўсіх будынках мусіць быць выключаным, а размовы скончаныя. Дарэчы, за пяць гадоў навучаньня сэмінарысты спасьцігнуць 40 багаслоўскіх і агульнаадукацыйных дысцыплінаў, напішуць 20 курсавых працаў. Сэмінарысты абавязкова вывучаюць беларускую, царкоўнаславянскую, грэчаскую, лацінскую, ангельскую альбо нямецкую мовы. Багаслоўскіх дысцыплінаў тут больш як 10: дагматычнае, асноўнае, пастырскае, параўнальнае... Прадметаў пра адгалінаваньні ў гісторыі – ажно пяць. Акрамя таго, патралёгія, гамілетыка, катахэзыс, місіялёгія, сэктазнаўства. У сьвятары не бяруць людзей сьляпых, слабавідушчых, схільных да прыпадкаў, з захворваньнямі. Той, хто вучыцца, атрымлівае поўнае забесьпячэньне. Сэмінарыя дае жытло, корміць і штомесяц плаціць стыпэндыю. А ці можна сэмінарысту ажаніцца? Я таксама высьвятляла гэта пытаньне і магу паведаміць, што многія сэмінарысты сапраўды жанатыя. Але, як правіла, жонка сэмінарыста застаецца ў тых мясьцінах, дзе жывуць яе бацькі ці бацькі мужа. Шчасьлівыя сустрэчы адбываюцца ці ў час прыезду жонкі ў Жыровіцы, альбо ў канікулы мужа. Канікулы – два тыдні на Каляды, тыдзень – пасьля Вялікадня і яшчэ месяц – летам. Галіна Баравая 07.07.2008 |