№ 3, июль
|
Ліпень быў шчодры на помнікі
Дэмакраты ўшаноўвалі памяць нацыянальных патрыётаў, а ўлада – чужынцаў. Кастусю Мысьліўцу Учора ў вёсцы Вулька Сіманаўская Драгічынскага раёну адбылося ўрачыстае адкрыцьцё помніка Кастусю Мысьліўцу. Над абэліскам з чорнага граніту ўзвышаецца ўніяцкі крыж. У сярэдзіне – базальтавая шыльда з надпісам "Канстанцін Мысьлівец (15.12.1945 — 7.4.2006). Ён жыў для Беларусі". Родныя, сваякі і сябры Канстанціна Мысьліўца нагадвалі, што драгічынская намэнклятура назвала яго "галоўным бандытам раёну". Для сяброў і паплечнікаў жа ён заўжды быў адданым патрыётам Беларусі ў палескім краі. Пісьменьнік Уладзімер Арлоў: – Кастусёў голас гучаў на пікетах і мітынгах, дзе ён спрабаваў паведаміць драгічынцам праўду пра іх накрытыя чарнобыльскімі хмарамі вёскі, дзе пратэставаў супроць будаўніцтва ў райцэнтры экалягічна небясьпечнага хімзаводу. Ворагі звальнялі яго з працы, каб позна не хадзіў адзін па вуліцах. Але ён заставаўся самім сабой і па-ранейшаму казаў у вочы тое, што думаў. Анатолю Сысу 26 ліпеня ў вёсцы Гарошкаў Рэчыцкага раёну ўсталяваны помнік на магіле паэта Анатоля Сыса. Помнік зроблены з чырвона-чорнага граніту. На фоне масіўнага, нібы абскубанага стагодзьдзямі, крыжа – барэльеф паэта й надпіс: "Анатоль СЫС, 1959-2005!". На тыльным баку – высечанае чатырохрадкоўе паэта: Як па зорах, па расе Твой апошні шлях праляжа. Памірай, а жыта сей – Рунь пра сейбіта раскажа. Аўтар помніку скульптар Генік Лойка: – Крыж на помніку не праваслаўны, не каталіцкі, а паганскі. У Анатоля ж увесь зборнік "Пан Лес" прысьвечаны паганству. Я думаю, што гэта яму будзе блізка. Збор сродкаў на помнік Анатолю абвясьціў Саюз беларускіх пісьменьнікаў. У гэтым моцна дапамаглі канцэртамі й беларускія рок-музыкі. Міхасю Явару Таксама 26 ліпеня ў вёсцы Мінявічы Мастоўскага раёну ўшанавалі памяць заходнебеларускага паэта Міхася Явара. Ён пражыў толькі 30 гадоў і скончыў жыцьцё самагубствам у 1933 годзе. Грамадзкі актывіст Алесь Зарэмбюк кажа, што месца пахаваньня цяпер добраўпарадкаванае, абноўлены помнік: – Міхась Явар хварэў на сухоты, гэта была ў тыя часы невылечная хвароба. Міхась кахаў дзяўчыну – Янісю Мікулаву. Яна, ведаючы, што Явар безнадзейна хворы, адмовілася ўзяць зь ім шлюб. Часопіс "Шлях моладзі", які друкаваў вершы М.Явара, зьмясьціў пра самагубства паэта наступны артыкул: 24 чэрвеня гэтага году, седзячы над берагам Нёмана каля роднай вёскі Мінявічы выстралам з рэвальвэру перарваў сабе жыцьцё малады беларускі паэт Міхась Явар. І хоць куля ў сэрца не папала, аднак спрычынілася да таго, што 27 чэрвеня Міхась Явар сканаў у Горадні, куды быў перавезены на лекі. Вайскоўцам гарадзенскага пяхотнага палка імя Стэфана Баторыя Яшчэ ў ліпені ў вёсцы Масты Левыя Мастоўскага раёну актывісты аднавілі помнік – камень з шыльдай на пастамэнце – вайскоўцам гарадзенскага пяхотнага палка імя караля Стэфана Баторыя. Ушанавана памяць пра жаўнераў, якія ў ліпені 1920 году змагаліся тут з бальшавікамі. Ініцыятар аднаўленьня помніка грамадзкі актывсіт Язэп Палубятка: – Неспадзявана захаваўся першы помнік. Як бальшавікі сапхнулі яго на бераг Нёмана, то падабраў мясцовы чалавек і прыхаваў. Мы давядзем яго да ладу. Гэта годная памяць пра тых, хто спачывае на беразе Нёмана. Мікалаю II 19 ліпеня ў Крайску на Лагойшчыне расейскі скульптар Уладзімер Зелянко з дазволу беларускай улады прэзэнтаваў бронзавы бюст імпэратара Мікалая II. Сімону Балівару 7 ліпеня ў Менску быў усталяваны знак-камень з дошкай на гішпанскай і беларускай мовах нацыянальнаму герою Вэнэсуэлы Сімону Балівару. Амбасадар Вэнэсуэлы ў Беларусі Амэрыка Дыаса Нуньеса паведаміў прысутным, што Менскі гарвыканкам задаволіў просьбу амбасады назваць сквэр на рагу вуліц Захарава і Першамайскай імем Сімона Балівара. Галіна Баравая 31.07.2008
У суботу зноў у Лошыцкім парку
21 ліпеня па закліку грамадзкіх арганізацыяў амаль 100 чалавек правялі ў Лошыцы першую акцыю пратэсту. Чарговая заплянаваная на бліжэйшую суботу. Моладзевы актывіст Франак Вячорка лічыць, што яшчэ не позна спыніць плянуемыя разбурэньні ў Лошыцкім парку: – Мы патрабуем грамадзкага абмеркаваньня праекта рэканструкцыі. Плян яе мусіць быць надрукаваны ў СМІ. Жыхары Менска маюць патрэбу выслухаць альтэрнатыўныя погляды архітэктараў, эколягаў, гісторыкаў. Удзельнікі акцыі ў суботу просяць нагадаць, што пагражае даўніне сядзібы. Лічым патрэбным зноў вярнуцца да гісторыі Лошыцы. У вестыбюлі англійскі стыль, у калідоры пампейскія роспісы Ад 1884 года Яўстафій Іванавіч Любанскі стаў апошнім уладальнікам Лошыцы. Тады ў сядзібу Любанскіх уваходзілі сядзібны дом, капліца, дом аканома, будынак спіртзавода, вадзяны млын, гаспадарчыя пабудовы, парк. Цэнтр кампазіцыі – сядзібны дом на грэбені каля пойменнай тэрасы. У дэкоры афармлення фасадаў дома былі выкарыстаны драўляныя разныя дэталі (слупы галоўнага ўвахода, аконныя ліштвы, карнізныя паясы і інш.). У інтэр'еры выкарыстаны (захаваліся да цяперашняга часу) ляпныя дэталі, абліцоўка сцен панэлямі з дубу, каляровая кафля. Адпаведна рэкамендацыям спецыялізаваных часопісаў еўрапейскіх салонаў, у сваім доме Любанскія аформілі кожнае памяшканне ў адметным стылі. Для вестыбюля быў абраны строгі англійскі стыль, для калідора і лесвічнага аб'ёму – пампейскія роспісы. У аздабленні бібліятэкі і сталовай выкарысталі элементы рэнесансу, а гасціныя былі вытрыманы у самым папулярным з усіх патураемых стыляў у нарадным і загадкавым рококо. Не апошнюю ролю ва ўбранстве пакояў мелі кафельныя печы. Іх у доме захавалася цэлая калекцыя. Цэнтральнае месца ў ёй займае камін, выраблены ў Рызе па класічным нямецкім узорам. Дрэвы, якія ацалелі ў Лошыцкім парку да сёньня, уражваюць сваёй прыгажосцю і магутнасцю. Тут можна убачыць такія экзоты, як дуб пушысты, бярозу вішнёвую, магнолію кобус, лістоўніцы японскія, сібірскія і еўрапейскія і інш. Калі верыць падлікам батанікаў, у гэтых мясцінах існуе больш як 400 біялагічных відаў (дрэў, кустоў, травы, насякомых, жывёл і птушак). Узрост ліпавай алеі 200-250 гадоў, а дубу ля рэчкі каля 400. Дуб гэты чараўнік. На працягу стагоддзяў ля яго адбываліся абрады язычнікаў. Людзі ішлі да велікана, як да алтару, просячы здароўя, шчасця ў каханні і шлюбе творчага натхнення. І зараз, дарэчы, існуе перакананне, што "заручальны" дуб спраўна выконвае ўсе шчырыя пажаданні. Сваімі прывідамі цікаўныя ў Лошыцы і разваліны былых млыноў. Як кажуць у народзе: на гэтых млынах чэрці водзяцца. Але бачаць іх толькі аднойчы і на моцным падпітку. Калі ж сустрэча з чортам паўтараецца, то п'янага знаходзяць мёртвым на беразе, альбо ў вадзе. Галіна Баравая Фото Антона Мотолько 23.07.2008
У Лошыцы пабудуюць архітэктурны муляж
Адзіны ў Менску зялёны парк без атракцыёнаў зьбіраюцца перабудаваць. Старшыня Беларускага добраахвотнага таварыства аховы помнікаў гісторыі і культуры Антон Астаповіч б’е ў званы: Менгарвыканкам даў дазвол на земляныя і будаўнічыя працы на тэрыторыі Лошыцкага парка. Чыноўніцкі загад распаўсюджваецца на 10 гектараў тэрыторыі. Ляндшафт зьменіцца цалкам.Ад вялікага пладовага саду застанецца толькі кавалачак. У Лошыцкім парку ля Дома культуры Менскага тонкасуконнага камбінату бульдозэры ўжо валяць дрэвы і выразаюць урадлівы грунт. На супрацьлеглым баку землярыйная тэхніка засыпае былы стаў – запруду на рэчцы для вадзянога млына... Беларускія гісторыкі і краязнаўцы называюць шматпакутным Лошыцкі парк. Знаўцы спасылаюцца, што яшчэ ў 1863 годзе, пасьля задушэньня паўстаньня Кастуся Каліноўскага, былі забароненыя набажэнствы ў філіяльным касьцёле Каралішчавіцкай каталіцкай парафіі. Колішнія прыгажосьць гэтага будынку захавалася толькі на акварэлі мастака Юзафа Пешкі. Напачатку XIX стагодзьдзя ён пабачыў васьміграньнік з шатровым дахам, завершаны шлемападобным купалам. Забудоўшчыкі бажніцы – спадкаемцы роду памешчыкаў Прушынскіх – зрабілі тут фамільны склеп для пахаваньня гаспадароў Лошыцы. У 1930-я гады савецкія бязбожнікі парушылі сьвятое месца. Захаваліся пісьмовыя сьведчаньні, што сьвінцовыя саркафагі пераплавілі для акумулятараў мясцовай МТС, а ў самім памяшканьні сталі захоўваць сельскагаспадарчыя прылады беларускага аддзяленьня Ўсесаюзнага інстытута расьлінаводства. Савецкія сэлекцыянэры ў той час займалі парк і сад, у якіх на панскай спадчыне праводзілі свае навуковыя экспэрымэнты. У пэрыяд сталінскіх рэпрэсій ля Лошыцы ў Чорным Яры чуліся выстралы і стогны людзей. Пра пахаваньні нагадвае драўляны крыж з надпісам "Пакутнікам за Беларусь". Прасачыліся таксама зьвесткі, што за шыльдай сельгасустановы ў сядзібе праходзіла абучэньне дывэрсійная група чэкістаў для падпольнай дзейнасьці на тэрыторыі Заходняй Беларусі. У 1941 годзе, калі Менск захапілі фашысты, Лошыцкую сядзібу акупіравала вярхушка нямецкіх уладаў на чале з менскім абласным камісарам Фрайтага. І зноў пад шатрамі дрэў узьняўся дэман сьмерці. Як сьведчылі мясцовыя старажылы, фашысты звозілі на аўтамашынах у парк па 20-30 чалавек, пераважна габрэяў. А беларусак – маці і дачку Чыжэўскіх, а таксама Надзю Майсееву павесілі пасьля двух месяцаў катаваньняў. Гэтыя жанчыны са штату прыслугі падазраваліся як выканаўцы партызанскага заданьня падкласьці мінуў адну зь печаў для тэрарыстычнага акту. Пасьля вайны шматпакутны Лошыці парк яшчэ больш пакрываўся павуціньнем запусьценьня. Ва ўцалелых пабудовах жылі працаўнікі саўгаса. Пры іх тут адбываліся ўзгараньні, народ расьпілоўваў для качагарак нават пладовыя дрэвы. Толькі напрыканцы 1980-х гадоў на хвалі нацыянальнага адраджэньня былая сядзіба атрымала статус помніка сядзіба-паркавай культуры. Бяспамятства паволі пачало адступаць. Добраўпарадкаваны пасадкі над Сьвіслаччу, аздароўленая ліпавая алея, ачышчаная сетка паркавых сьцяжынак. Найбольш каштоўным архітэктурным аб’ектам у Лошыцкім парку зьўляецца сядзібны дом. Але ён цяпер – у аварыйным стане. На ўваходзе – замок і шыльда з надпісам аб забароне на ўваход. Раней існавала шмат прапаноў аб рэстаўрацыі пакояў, кафэльных печак і каміноў, лесьвічак, ажурных вокнаў. Ва ўлады Менска на гэты не хапала грошай. Цяпер жа аб’яўлена, што гістарычны сядзібны дом будзе разабраны, а на яго месцы збудуюць муляж... Галіна Баравая 17.07.2008 |